Мовы, якія гавораць у маёй галаве. Як жывуць білінгвы ў Латвіі

Я — білінгв. Так называюць людзей, якія думаюць на некалькіх мовах, добра імі валодаюць і ўвесь час іх выкарыстоўваюць. Ёсць людзі, у якіх і родных моў дзве ці тры, і ў сучасным свеце ў гэтым няма нічога дзіўнага. У Латвіі дастаткова шмат білінгваў — так склалася гістарычна. Мне стала цікава пагутарыць з маладымі людзьмі, якія жывуць тут, даведацца падрабязней пра феномен, які вывучае кагнітыўная лінгвістыка. Як мова ўплывае на свядомасць чалавека? Чытаючы стужку навінаў штодзень, я пераконваюся, што гэта неверагодна важнае пытанне для Латвіі.

● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.

Нядаўна мне трапіліся на вочы навіны, якія сведчаць аб тым, што моўная праблема — гэта Ахілесава пята многіх краін. Напрыклад, у Латвіі ідуць бурлівыя дыскусіі пра тое, ці варта дзяржаве падтрымліваць СМІ на рускай мове, ці не — тады застануцца толькі прыватныя. Праз нейкі час я спатыкнулася аб паведамленне пра дэпутатаў Дзярждумы РФ, якія ўнеслі на разгляд законапраект, накіраваны на «абарону рускай мовы», які прадугледжвае забарону на выкарыстанне замежных слоў у шыльдах, надпісах, рэкламе, інфармацыі аб акцыях, распродажах і да таго падобнае.

Прыляцела да мяне звестка і з маёй Радзімы, Беларусі. Доўгія гады шыльды на дамах з назвамі вуліц, назвы станцый метро былі на беларускай мове кірыліцай, а таксама лацінкай — паколькі для беларусаў лацінка не ў навіну, мы выкарыстоўваем яе з XIX стагоддзя. Нядаўна дзякуючы намаганням актывістаў «рускага свету» лацінка была адменена, і замест яе цяпер — дублююцца назвы на рускай мове. Не кажучы ўжо пра тое, што за беларускую мову ў маёй краіне можна сесці ў турму, і надоўга.

У мяне ўмацоўваецца ўражанне, што мова ў XXI стагоддзі становіцца ідэалагічнай прыладай і часткай прапаганды, а не проста сродкам зносін. А што вы думаеце? Я звярнулася ў сацсеткі са сваімі «нязручнымі» пытаннямі, і мне ў асабістыя паведамленні напісалі некалькі чалавек (іх імёны па іх просьбе зменены). 

Ці даўно Вы жывяце ў Латвіі, якія вашыя асноўныя мовы зносін у паўсядзённым жыцці і чаму?

Яніс, 30 гадоў, латыш: Я выкарыстоўваю латышскую, маю нацыянальную мову. Штодня я размаўляю на трох мовах — латышскай, ангельскай і рускай, суадносіны прыкладна 60% — латышская, 35% — ангельская і 5% — руская. Лёгка пераключаюся з адной на іншую.

Лёша, 26 гадоў, беларус: Пераехаў у Латвію я на пачатку 2023-га. Да гэтага каля года жыў у Англіі, таму да білінгвальнасці пачаў прывыкаць ужо дастаткова даўно. Я і ў Беларусі стараўся практыкаваць беларускую ў грамадскіх месцах, але, як ні дзіўна, на беларускай у Лондане я стаў размаўляць значна больш, чым у Беларусі — у першую чаргу з украінскім камюніці, якое там вялікае і вельмі пазітыўна ставілася да беларускай — «чому розмовляеш російскою, у вас же е білоруська».

Рускамоўнае асяроддзе таксама захоўвалася — і мясцовыя знаёмыя, і шмат зносін у Інтэрнэце і па тэлефоне. Я тады заўважыў першую асаблівасць — і ангельскай, і беларускай у жыцці раптоўна стала больш, але мозг абедзве мовы ўспрымаў як замежныя адносна рускай, таму часам ангельскае слова ў думках і нават у маўленні магло замяніцца на беларускае і наадварот.

Дзіўна,

але ў Латвіі ў мяне стала значна менш рускай і больш ангельскай у побыце, чым, уласна, у Англіі

— праца цалкам на ангельскай, а ў коле зносін практычна няма рускамоўных латвійцаў. Тут жа я ўпершыню пачаў лавіць сябе на тым, што думаю па-ангельску, а не па-руску.

Раман, 33 гады, беларус: Год таму з сям’ёй я быў вымушаны з’ехаць у Латвію. Жонка беларускую мову не вывучала, але ўжо збольшага разумее — таму з ёй пераважна на рускай, гэтак жа і яна з дзіцем. Я з дзіцем пераважна на мове, каб хаця б наслуханасць была. У дыяспары, з сябрамі і ў сацыяльных сетках — 50/50, плюс ноткі ўкраінскай часам. Працоўная дзейнасць — пераважна руская, плюс з украінцамі на белмове, а таксама з украпінамі ангельскай і польскай. Суадносіны па сукупнасці на працягу тыдня, напэўна, недзе 50% руская, 30% беларуская, 10% польская, 8% англійская, 2% украінская.

Саша, 32 гады, беларуска: У Латвіі паўтара гады. Асноўныя мовы зносін руская (з сям’ёй і вучоба), ангельская (дома з партнёрам). З нядаўняга часу ўсё больш з’яўляюцца ўкрапванні латышскай у паўсядзённым жыцці. У будні часцей думаю на рускай, на выходных, як правіла, мозг пераключаецца на ангельскую, і думкі фармуюцца ўжо на ёй. Самы складаны перыяд — вечар будніх дзён, бо ўвечары заняткі па латышскай, якія праходзяць на рускай, а яшчэ ўвечары з партнёрам ужо на англійскай абмяркоўваем падзеі дня. У выніку

нейкі час пасля вучобы ў мяне ў галаве каша з рускай, англійскай і латышскай.

Лінгвісты кажуць, што мова ўплывае на мысленне, таму што ў ёй зашыфраваны культурныя коды народа, архетыпы. Ці згодны вы з гэтым?

Яніс: Калі я правільна зразумеў пытанне, дык так, я згодны з гэтым. У нас нават ёсць розныя мадэлі нацыянальнай мовы ў залежнасці ад рэгіёна, з якога мы родам. Напрыклад, структура і канчатак слоў і сказаў у Курземе будуць іншымі, але багацейшыя і поўныя словы і сказы будуць у Відземе і ў Латгаліі. Я за Латгалію, і ў нас нават адрозная мова, латгальская… Ці, як кажуць іншыя, дыялект.

Лёша: Мова адназначна ўплывае на мысленне, хаця б таму, што адны і тыя ж словы маюць розныя адценні ў розных мовах: пераклад — гэта, па-добраму, адаптацыя сэнсаў, а не літаральна адно і тое ж, напісанае рознымі літарамі.

«Pride», «гордость» и «гонар» — трохі розныя рэчы.

Раман: З навукоўцамі згодзен, вядома. Мова ж гэта як адбітак, індыкатар эвалюцыі народа, таго, як на яго ўплывала асяроддзе і ён на яе. Характары і тэмпераменты таксама сфармаваліся пад уплывам геаграфіі. Не ўяўляю асабіста, як на плыўным, размераным, роўным часам да гарызонту пейзажы Балтыі, асабліва прыбярэжнай, маглі б сфармавацца арабская ці іспанская мова і тэмперамент! Хіба вам, мерна шпацыруючы па Юрмале, Паланзе ці Таліне, не жадалася больш працягла, «на дзэне», пявуча размаўляць?

Таксама за сабой заўважаў, што не магу лаяцца на белмове, хоць лаянкі ў нас цэлыя нетры, вядома… Але не стыкуецца — не магу, і ўсё. Што таксама дастаткова дзіўна, бо

наша мова развівалася і зберагалася ў вельмі агрэсіўных гістарычных умовах, але стрэсу, агрэсіі гэтай не ўвабрала наогул. Можа, прырода кампенсавала, лячыла — дзякуй партызанскім традыцыям за нашы чыстыя душы.

Аддам гэтую тэму на водкуп спецыялістам…

Саша: На мысленне пэўна ўплывае, канструкцыя пабудовы думкі на ангельскай зусім іншая, чым на рускай. Пра культурныя коды цікавая думка. Адназначна змяняецца манера размовы і інтанацыя, калі пераключаешся на іншую мову. Мусіць, калі паназіраць, то можна заўважыць шмат адрозненняў.

Калі ў вас будуць дзеці, на якой мове вы будзеце з імі размаўляць?

Яніс: Сваіх дзяцей у мяне пакуль няма, але ў асноўным у маёй сям’і мы выкарыстоўваем латышскую і крыху ангельскую для дзяцей.

Лёша: Пра дзяцей нярэдка думаў у гэтым ключы: калі маці будзе іншаземка, то гэта будзе яе родная мова плюс беларуская. І плюс ангельская як самая верагодная мова зносін унутры сям’і. Калі беларуска ці ўкраінка, то тут усё прасцей: ангельская адмяняецца.

Саша: Шчыра кажучы, я пра гэта не думала. Напэўна, ангельская, і мы з партнёрам будзем размаўляць кожны на сваёй мове з дзіцем.

Ці варта ліквідаваць у Латвіі грамадскія СМІ на рускай мове ці чытаеце вы мясцовую прэсу і як ставіцеся да гэтага рашэння?

 Яніс: Я чытаю мясцовыя навіны на роднай мове — латышскай. Я звярнуў увагу на гэтую тэму. Я падтрымліваю гэта, але ў пэўнай ступені. Наколькі я падтрымліваю, гэта залежыць, шчыра кажучы, ад многіх абставін... І я думаю, што большасць людзей адчуваюць тое ж самае.

Лёша: Са СМІ я лічу, што не маю права вырашаць за латышоў. Бачу аргументы і за, і супраць. Эмацыйна я за закрыццё, рацыянальна — не ведаю...

Раман: Ліквідацыя СМІ па прыкмеце мовы — я супраць, гэта «савок» нейкі. У Латвіі, безумоўна, я чытаў мясцовыя СМІ на рускай (і, дзякую LSM.lv — на беларускай), так, але ад гэтага мне не стала здавацца ЛатССР ці губерня нейкая чатырохразоваадзіная. Бо аўтары гэтых СМІ не ў Крамлі, а тут, і пішуць самі для сябе. Гэта значыць больш важны змест і каштоўнасці СМІ, а потым ужо форма падачы.

Тыя, хто з царом у галаве і зоркай у ілбе, і да забароны, і пасля яе будуць чытаць рупары Крамля, пакуль такія будуць. Але толькі пасля забароны ў іх і шанцу на працверажэнне не застанецца,

гэта не зблізіць усіх жыхароў Латвіі, а толькі яшчэ больш павялічыць разрыў і неразуменне паміж імі — гэта сапраўды не шлях да гармоніі і дабрабыту.

«Той» бок слабее, яго адэпты ў разгубленасці, і наадварот, лічу, трэба ўзмацніць прапанову ад «гэтага» боку і ў зразумелай аўдыторыі форме. Калі б мне, прабачце, прэзентавалі Латвію на невядомай мне мове — я б не натхніўся, бо проста б нічога не зразумеў і шмат што страціў бы. А цяпер — змог адкрыць для сябе і набыць цэлы Сусвет, які быў такі блізкі, але малавядомы. Згортванне СМІ на рускай мове павінна адбыцца натуральным шляхам, а не «найвышэйшым указам» — намаганні, лічу, варта накіроўваць на другую чашу вагаў, на развіццё ўсяго латвійскага, рабіць альтэрнатыву ўсё больш прывабнай, зараз самы час — акно магчымасцяў.

Саша: Шчыра кажучы, я не чытаю мясцовых грамадскіх СМІ. Калі нехта дасылае артыкул, я звычайна чытаю яго па-ангельску. Магчыма, было б нядрэнна мець магчымасць чытаць мясцовыя навіны на рускай мове.

* * *

І апошняе пытанне я задала беларусам, якія жывуць у Латвіі.

Ці трэба вучыць латышскую мову, жывучы ў Латвіі, і чаму?

Лёша: Канечне, трэба. Я не ўпэўнены, ці застануся я тут даўжэй, чым на пару гадоў, таму пакуль намаганняў асабліва да гэтага не прыкладваю,

абмяжоўваюся тым, што не выкарыстоўваю рускую, ну і кажу paldies і lūdzu.

Раман: Латышская мова... Для эмігранта няпростае пытанне, і мне мясцовае фактычнае двухмоўе спачатку вельмі дапамагло, вядома, аднавіцца і адаптавацца — было камфортна. Але палітыку дзяржавы і імкненне саміх латышоў да захавання і развіцця сваёй мовы і культуры падтрымліваю адназначна, і рабіць яны гэта ўмеюць. Сумняваюся, што я як эмігрант унутры сям’і перайшоў бы на латышскую замест беларускай, але асвойваць для знешняй камунікацыі — гэта абавязкова і да таго ж проста ветліва.

Саша: Я думаю, так. Нават калі вы не плануеце заставацца ў Латвіі, вывучыць пару ветлівых фраз не складзе праблемы. Мясцовым жыхарам гэта вельмі падабаецца, і яны ў стопяцьсот разоў больш ахвотна згаджаюцца дапамагчы. Асабіста мяне да слёз кранае, калі іншаземец хоча вывучыць слова ці фразу не па-руску, а менавіта па-беларуску. А калі вы плануеце затрымацца, то, вядома, лепш вывучыць. Акрамя таго,

вывучэнне моў карысна для прафілактыкі хваробы Альцгеймера. 

* * *

Гэтыя адказы прымусілі мяне задумацца пра тое, што для мяне захаванне роднай — беларускай — мовы стала справай усяго жыцця. Уласна, чаму я тут, у Латвіі, і апынулася.

І самае страшнае, што я магла б пачуць — гэта фразы «твая мова нікому не патрэбна» і «твая родная мова памерла».

Мяркую, многія жыхары Латвіі зразумеюць, пра што я.

Заметили ошибку? Сообщите нам о ней!

Пожалуйста, выделите в тексте соответствующий фрагмент и нажмите Ctrl+Enter.

Пожалуйста, выделите в тексте соответствующий фрагмент и нажмите Сообщить об ошибке.

По теме

Еще видео

Еще

Самое важное