«Чарнобыль узарваў мае мазгі. Я пачаў думаць». Ці памятаюць беларусы пра Чарнобыльскую катастрофу?

У 1986 годзе я была яшчэ зусім маленькім дзіцем. У той дзень, 26 красавіка, у Мінску быў цудоўны сонечны дзень, і я з сястрой і братам гуляла ў двары нашага дома. Я была апранута зусім па-летняму — у лёгкую сукенку без рукавоў. А потым пайшоў дождж. Ён быў цёплы і прыемны, як часта бывае ўвесну ці ўлетку, і ад яго нават не хацелася хавацца. Было такое ў вашым дзяцінстве, калі хацелася спецыяльна пляскаць па лужынах, паднімаючы моцныя пырскі, і гуляць у гульню, хто каго больш абліе? Напэўна, было.

● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.

...А потым прыбегла мама. Яна была вельмі ўсхваляваная. Яна забрала нас дадому, зачыніла наглуха вокны ў кватэры, пачала нас хутка купаць, пераапранаць у іншае адзенне. Ужо потым, калі я пасталела, мама расказвала, што наша суседка нейкім чынам даведалася пра аварыю і папярэдзіла нас.

Шчыра кажучы, што з гэтай гісторыі я памятаю сама, а што — з аповедаў старэйшых, сказаць зараз складана. Шмат гадоў прайшло. І ў нашай сям’і гэтая тэма не асабліва абмяркоўвалася, як і палітыка, і рэлігія, і Другая сусветная вайна, і шмат іншых тэм. Бываюць такія сем’і, якія проста жывуць сваім штодзённым жыццём, ні пра што глабальнае не думаючы.

Беларусы ў пошуках праўды пра наступствы Чарнобыля дагэтуль

У Беларусі пасля чарнобыльскай аварыі ў зоне радыеактыўнага заражэння апынуліся больш за 3600 населеных пунктаў, у тым ліку 27 гарадоў, дзе жылі 2,2 мільёна чалавек — каля пятай часткі ўсяго насельніцтва. Наогул перасталі існаваць — іх рассялілі — 479 населеных пунктаў.

Цяпер

афіцыйная беларуская прэса і дзяржаўныя ведамствы бадзёра рапартуюць аб тым, што забруджаныя пасля чарнобыльскай аварыі тэрыторыі нібыта «ачысціліся» самі сабой.

Хаця прайшло ўсяго 38 гадоў, а не тысячы і сотні тысяч, як таго патрабуюць законы фізікі.

«Агульнай тэндэнцыяй змены радыяцыйнай абстаноўкі з’яўляецца паступовае зніжэнне шчыльнасці забруджання з прычыны натуральнага распаду радыенуклідаў», — піша беларускі «Дзяржатамнагляд». Але сэрцу і розуму маім неспакойна. І досвед, і інтуіцыя падказваюць мне: дзяржслужбоўцы хлусяць, як у старыя добрыя савецкія часы.

«Сумесь турмы і дзіцячага садка вось што такое сацыялізм»

Да ўсведамлення сутнасці і маштабаў Чарнобыльскай трагедыі я прыйшла ўжо ў школьныя гады, калі прачытала кнігу «Чарнобыльская малітва. Хронікі будучыні» беларускай пісьменніцы Святланы Алексіевіч, тады яшчэ толькі будучай Нобелеўскай лаўрэаткі па літаратуры. І для дарослага чалавека гэта эмацыйна цяжкае чытво, а для ўражлівай дзяўчынкі 13-14 гадоў — тым больш. Я ўвогуле чытала запоем, кнігі былі маімі найлепшымі сябрамі з ранняга дзяцінства, і ўсё, што я даведвалася пра свет, я чэрпала менавіта адтуль. Гэты твор я літаральна праглынула — за адну ноч.

І потым яшчэ не спала некалькі сутак, спрабуючы ўкласці ў галаве прачытанае.

За 10 гадоў Святлана Алексіевіч пагаварыла больш чым з пяццю сотнямі сведкаў аварыі — пажарнікамі, ліквідатарамі, палітыкамі, лекарамі, фізікамі і, зразумела, шараговымі грамадзянамі. Кніга ёсць у вольным доступе ў інтэрнэце. Вось некалькі цытат з яе.

«Чарнобыль узарваў мае мазгі. Я стаў думаць».

«Вярнуліся дадому. Усё з сябе зняў, усё адзенне, у якім там быў, і выкінуў у смеццеправод. А пілотку падарыў маленькаму сыну. Вельмі ён прасіў. Насіў, не здымаючы. Праз два гады яму паставілі дыягназ: пухліна мозгу…»

«Да Чарнобыля… на 100 тысяч беларускіх жыхароў было 82 выпадкі анкалагічных захворванняў. Сёння статыстыка наступная: на 100 тысяч — 6 тысяч хворых. Павелічэнне амаль у 74 разы».

«Сумесь турмы і дзіцячага садка — вось што такое сацыялізм. Савецкі сацыялізм. Чалавек аддаваў дзяржаве душу, сумленне, сэрца, а ўзамен атрымліваў пайку. Тут ужо каму як пашанцуе — у каго вялікая пайка, а ў каго маленькая. Адно аднолькава — выдаюць яе наўзамен душы».

Забарона на памяць пра Чарнобыль, забарона на праўду, забарона на радзіму

Штогод актывісты грамадзянскай супольнасці ладзілі ў Мінску акцыю «Чарнобыльскі шлях» у памяць пра дзень чарнобыльскай катастрофы. Цяпер правядзенне такога кшталту масавых мерапрыемстваў унутры краіны немагчымае. Сёння беларусы арганізуюць акцыі памяці, у тым ліку «Чарнобыльскі тыдзень», у краінах, куды ім давялося ўцякаць ад рэпрэсій пасля падзей 2020 года.

А 7 лістапада таго ж 2020 года з удзелам Аляксандра Лукашэнкі адбыўся запуск першага блока Беларускай АЭС у горадзе Астравец. Пачынаючы з 2023-га дыктатар заяўляе, што Расія на яго просьбу мае намер размясціць на тэрыторыі маёй краіны тактычную ядзерную зброю. Ці прыбыла яна насамрэч, пакуль дакладна невядома.    

Так, афіцыйная беларуская ўлада ў Беларусі абвясціла «Рэспубліканскую дэкаду грамадска-патрыятычных справаў “Чарнобыль. Захоўваючы памяць…”» для дзяржаўных навучальных устаноў. Асабліва падкрэслівалася: «Пры правядзенні мерапрыемстваў дэкады рэкамендуецца выкарыстоўваць інфармацыю, у тым ліку навуковыя распрацоўкі і наглядныя матэрыялы, відэафільмы, відэаролікі, мультфільмы і інш., прадстаўленую на афіцыйных інтэрнэт-парталах».

Каб настаўнікі дакладна ведалі, што дазволена цэнзурай расказваць на ўроках пра чарнобыльскую трагедыю, а пра што лепш і не згадваць і змаўчаць.

* * *

«Днём мы жылі на новым месцы, а ноччу на радзіме. У сне».

Так казалі людзі, якія былі адселеныя з забруджаных рацыяцыяй тэрыторый.

Цяпер гэтае пачуццё рашчэпленасці на дзве краіны мучыць мноства беларускіх і ўкраінскіх бежанцаў, якія рассеяліся па ўсім свеце — першыя з-за дыктатуры, другія з-за вайны.

Мы рэдка гаворым пра гэта і амаль заўсёды — толькі паміж сабой, з тымі, каму не трэба тлумачыць. Амаль ніколі не выносім гэтае пачуццё вонкі, не пішам пра яго. Але вось я — паспрабавала напісаць.

Я ўжо даўно ў бяспецы, у Латвіі. Яна стала для мяне другім домам.

Але думкі і пачуцці, звязаныя з радзімай, не адпускаюць. І ніколі не адпусцяць.

Заметили ошибку? Сообщите нам о ней!

Пожалуйста, выделите в тексте соответствующий фрагмент и нажмите Ctrl+Enter.

Пожалуйста, выделите в тексте соответствующий фрагмент и нажмите Сообщить об ошибке.

По теме

Еще видео

Еще

Самое важное