Поспех з чыстага ліста. Беларускі студэнт-уцякач у Латвіі

18-гадовы Данііл (імя зменена) прыехаў з Беларусі крыху больш за два гады таму разам са сваімі бацькамі, ратуючыся ад рэпрэсій беларускага рэжыму пасля падзей 2020 года. Яго сям’і і яму самому, атрымаўшы статус бежанца, давялося пачаць жыццё наноў. Цяпер малады чалавек — студэнт факультэта інфарматыкі Латвійскага ўніверсітэта.

● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.

Даведаўшыся яго гісторыю — а гэта гісторыя поспеху, і мы зараз яе раскажам — я адназначна вырашыла, што ў хлопца несумненна добрая будучыня, і ў яго ёсць чаму павучыцца. Як, першапачаткова не ведаючы латышскай мовы, заняць першае месца на алімпіядзе па матэматыцы і затым атрымаць стыпендыю на навучанне ва ўніверсітэце?

«Адсутнасць адной магчымасці не пазбаўляе шанцу на поспех увогуле»

Данііл разам з бацькамі жыве ў Юрмале. Па прыездзе ў Латвію юнак быў залічаны ў Пумпурскую сярэднюю школу, якую ў выніку скончыў на «выдатна». Ён спачатку не ведаў, што гэтая навучальная ўстанова мае даўнія традыцыі, і яе выпускнікамі былі вядомыя ў Латвіі людзі. Такому высокаму ўзроўню трэба адпавядаць, а на той момант Данііл зусім не ведаў латышскую.

«Спачатку было нават цяжка ўявіць, як будуць адбывацца зносіны,

але я ведаў ангельскую мову, і гэта дапамагло ў першапачатковай камунікацыі. На руку мне апынулася і “ўдалёнка” ў той момант, — кажа Данііл. — Вядома, навучанне ў латышскамоўнай школе — выдатная магчымасць “пракачаць” сваю мову. Знаходжанне ў моўным асяродку кожны дзень дазваляе ўвабраць у сябе нешта новае. Пакажыце свой энтузіязм і зацікаўленасць у вучобе, старайцеся сябраваць з настаўнікамі, і яны будуць гатовыя вам дапамагчы і пайсці насустрач», — раіць юнак.

Дзякуючы дапамозе настаўніка па матэматыцы і свайму таленту ў дакладных навуках Данііл за год асвоіў тэрміналогію на латышскай, перамог у Юрмальскай алімпіядзе па матэматыцы, а затым выступіў на рэспубліканскай алімпіядзе.

«Скончыўшы сярэднюю школу на “выдатна”,

я спадзяваўся працягнуць навучанне ва ўніверсітэце на бюджэтнай праграме на латышскай мове, але статус пастаяннага рэзідэнта Латвіі па дзейным заканадаўстве не дае такой магчымасці

(для вучобы за кошт бюджэту патрэбны статус пастаяннага рэзідэнта ЕС Ю. К.), — апавядае юнак. — Але адсутнасць адной магчымасці не пазбаўляе шанцу на поспех увогуле. Мы ўважліва прагледзелі варыянты стыпендый ад самога ўніверсітэта і атрымалі дапамогу ад яго».

Універсітэты Беларусі і Латвіі: ідэалогія vs навука, тэорыя vs практыка

«У адрозненне ад беларускіх ВНУ, навучальная праграма значна больш рацыянальна пабудавана. Практычна ўсе курсы на маім факультэце адносяцца да сферы праграмавання, яны абавязковыя, яны запатрабаваныя і актуальныя. Выкладчыкі вельмі добрыя. У нас шмат праектаў, якія мы самастойна альбо ў камандзе робім, каб атрымаць максімальна практычны досвед».

Тут варта патлумачыць, што ў беларускіх універсітэтах шмат увагі надаецца прадметам, якія не маюць дачынення да спецыялізацыі студэнта. Напрыклад, я, будучы філолагам, вывучала і здавала асновы вышэйшай матэматыкі, эканоміку і, у якасці вішанькі на торце — ідэалогію беларускай дзяржавы. Гэта абавязковы прадмет, і па ім здаецца іспыт. Недзе вы гэта ўжо, напэўна, чулі —

не, гэта не Савецкі Саюз эпохі застою (там прадмет называўся «навуковы камунізм»), гэта Беларусь у XXI стагоддзі.

«Аднак тут... — хлопец задумваецца, — ...недастаткова складанае навучанне. У мяне, як звычайнага студэнта, застаецца даволі шмат вольнага часу. Можна дабіраць сабе дадаткова курсы анлайн. Але навучанне ў цэлым каштуе даволі вялікіх грошай, таму хочацца ўзяць максімум і быць гатовым выйсці на працу адразу пасля заканчэння ўніверсітэта. Я вельмі ўдзячны каардынатару нашай праграмы, яна мне дазволіла аб’яднаць першы і другі курс, і за першы год навучання я атрымаў значна больш ведаў, і яшчэ і пазнаёміўся са шматлікімі равеснікамі тут».

Даніілу дапамаглі асвоіцца ў новым асяроддзі дапытлівасць і камунікабельнасць. Ён кажа, што перш за ўсё пасябраваў са студэнтамі першага і другога курсаў, і юнакі і дзяўчаты ва ўсім дапамагалі адно аднаму. Малады чалавек таксама падкрэслівае: ён адшуквае сродкі на аплату навучання самастойна, ён вельмі матываваны, ён прыклаў вялізныя намаганні для дасягнення таго, што ў яго зараз ёсць, і таму ён максімальна ўбірае новыя веды.

Як стаць стыпендыятам?

«У Латвійскім універсітэце менавіта для першакурснікаў ёсць дастаткова шмат варыянтаў стыпендый. Толькі ў маім універсітэце 70–100 студэнтаў за год атрымліваюць дапамогу. Ёсць фонд для малазабяспечаных сем’яў — Vītolu Fonds, таксама ёсць стыпендыі для навучэнцаў і ў РТУ. Гэта выдатная магчымасць аплаціць частку навучання і рухацца далей, калі ты толькі што прыехаў у Латвію», — тлумачыць юнак.

Што трэба для атрымання стыпендыі Латвійскага ўніверсітэта? Данііл называе наступнае:

  • сацыяльная актыўнасць, удзел у грамадска важных праектах;
  • унёсак студэнта ў культуру (спевы, танцы, вывучэнне народнай творчасці);
  • дакумент-прэзентацыя пра сябе на латышскай.

«Калі ты не з Латвіі,

нават калі не можаш прайсці ўсё цалкам інтэрв’ю з журы на латышскай мове, то хаця б нейкую частку пажадана ўмець прагаварыць,

каб паказаць, як ты інтэграваўся ў культуру і наколькі ты зацікаўлены ў Латвіі, — кажа Данііл. — Асаблівымі сферамі адказнасці Латвійскага ўніверсітэта з’яўляюцца дабрабыт Латвіі, вывучэнне латышскай мовы, гісторыі і грамадства, устойлівае развіццё краіны і якасць жыцця ў ёй».

Ёсць таксама стыпендыі Еўрасаюза, якія дзейнічаюць для студэнтаў, якія вымушана ўцяклі з Беларусі і вучацца ў Латвіі, Літве, Польшчы і Чэхіі.

«Гэта ўсё вырашальна», — падсумоўвае Данііл. Мэтанакіраванасць і таварыскасць, прага да ведаў дапамагаюць вырашыць шматлікія цяжкасці. І не проста стаць студэнтам усяго праз год жыцця ў чужой краіне, калі ты быў да эміграцыі зусім не гатовы, а стаць адным з найлепшых, стыпендыятам.

З аднаго боку, я вельмі радая, што Латвія, якая стала для мяне другім домам, узбагацілася яшчэ адным талентам, які дакладна прынясе шмат карысці грамадству. З іншага боку, мне шкада, што Беларусь пазбавілася Данііла і такіх, як ён, сотняў тысяч найлепшых прадстаўнікоў сваёй нацыі, якія вымушана пакінулі радзіму.

Пазбавілася сваёй будучыні.

Заметили ошибку? Сообщите нам о ней!

Пожалуйста, выделите в тексте соответствующий фрагмент и нажмите Ctrl+Enter.

Пожалуйста, выделите в тексте соответствующий фрагмент и нажмите Сообщить об ошибке.

По теме

Еще видео

Еще

Самое важное