Гістарычная памяць у Беларусі і Латвіі — памятаць нельга забыць?

Лістапад — асаблівы час для Латвіі. 10 лістапада адзначаецца дзень Мартыня, 11-га — Дзень Лачплесіса, а 18-га — Дзень абвяшчэння незалежнасці Латвійскай Рэспублікі. Летась я ўпершыню пабывала на факельным шэсці ў Рызе і была ўражана салідарнасцю мясцовых жыхароў. Здавалася, нібы ўся Латвія выйшла ў той вечар у цэнтр горада. Мне, уцекачу, чалавеку не мясцоваму, воляй-няволяй заставалася быць проста староннім назіральнікам. І думаць пра тое, а якія ж ёсць памятныя даты ў гэтыя цёмныя восеньскія дні ў майго, беларускага народа. Чым я магу ганарыцца, а ад чаго, наадварот — засмучацца? Шчыра кажучы — падстаў для суму ў беларусаў аказваецца больш.

● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.

Чорная ноч беларускай літаратуры

З 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў сутарэннях мінскай турмы НКУС былі расстраляны і пахаваны ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам больш за 130 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі — літаратары, лекары, грамадскія дзеячы, прадстаўнікі навукі і культуры. Па розных ацэнках, у Курапатах супрацоўнікі НКУС пакаралі смерцю ад 30 да 250 тысяч чалавек.

У Беларусі да гэтага часу няма афіцыйнай даты памяці ахвяр савецкага тэрору, які пачаўся з прыходам да ўлады бальшавікоў у 1917 годзе і скончыўся са смерцю Сталіна — у 1953-м. Даследчыкі мяркуюць, што за гэты час былі рэпрэсіраваны як мінімум 600 тысяч чалавек. Па іншых ацэнках, гэтая лічба дасягае 1,4 млн. Дакладных звестак няма: архівы КДБ да гэтага часу недасяжныя. Але неафіцыйна па колькасці ахвяр сталінскіх рэпрэсій Беларусь займае трэцяе месца сярод былых савецкіх рэспублік.

Адразу за Мінскай кальцавой аўтадарогай, усяго за 50 метраў ад месца масавых расстрэлаў у часы сталінскіх рэпрэсій, размешчана забаўляльная ўстанова «Поедем поедим». І падчас яе будаўніцтва, і напярэдадні яе адкрыцця ўвесну 2019 года грамадскія актывісты кожны дзень выходзілі на пікеты. Калі рэстаран усё ж адкрыўся, пратэстоўцы сустракалі прыезджых туды і ўгаворвалі адмовіцца ад яго наведвання, тлумачачы гістарычную сутнасць таго, што адбываецца.

Як ні сумна, многія шараговыя беларусы да гэтага часу не ведаюць, што ў Курапатах знаходзіцца месца масавага расстрэлу нявінных людзей. А некаторым, як яны выказваліся, усё роўна. Такія канфліктавалі з пікетоўцамі, выклікалі АМАП — і многія пратэстоўцы былі затрыманыя і сядзелі «суткі» за ахову Курапатаў.

Сёлета беларусы Латвіі правялі мерапрыемства ў межах курсаў беларускай мовы «Мова нанова Рыга», прысвечанае памяці расстраляных у 1937 годзе настаўнікаў.

Горкі лёсрэпрэсіі з пакалення ў пакаленне

Класік беларускай літаратуры Якуб Колас, якому 3 лістапада споўніўся 141 год, да таго, як дасягнуць прызнання, пабываў прапаршчыкам і падпаручнікам царскай арміі ў Першую сусветную вайну, і мігрантам, і палітвязнем... Ён напісаў свае самыя яркія творы — эпічныя паэмы «Новая зямля» і «Сымон-музыка» — адседжваючы тры гады ў мінскім астрозе за ўдзел у нелегальным з’ездзе настаўнікаў Мінскай губерні ў ліпені 1906 года. Маладыя педагогі гаварылі пра неабходнасць бясплатнага навучання ў малодшай школе, пра адукацыю на беларускай мове, пра бяспраўнае становішча настаўнікаў у царскай Расіі.

Ці мог памеркаваць народны паэт Беларусі Якуб Колас, што ў 2023 годзе яго стрыечнага праўнука — 17-гадовага хлопца па імені Мікіта Бруй — лукашэнкаўскі рэжым асудзіць на тры гады выхаваўчай калоніі за «рэабілітацыю нацызму» і ўдзел у «экстрэмісцкім фарміраванні» — Саюзе беларускага нацыянальга шчыта?

Страшная пераемнасць пакаленняў: палітычныя рэпрэсіі за іншадумства, якім супрацьстаяць найлепшыя з найлепшых прадстаўнікі нацыі. Гісторыя паўтараецца. І чамусьці я ўпэўнена, што прадзед ганарыўся б сваім праўнукам.    

Восеньскія Дзяды — вячэра з продкамі за адным сталом  

Восеньскія Дзяды — свята з гадавога цыкла ў гонар продкаў, якія, паводле легенды, наведваюць у гэты дзень сваіх сваякоў. Дзядоў паважаюць у Беларусі, Украіне, частцы Польшчы і Літвы. Гэтыя дні адзначаюцца ў суботу ў канцы кастрычніка — пачатку лістапада, у залежнасці ад царкоўнага календара на канкрэтны год. У некаторых рэгіёнах, напрыклад, у Беларускім Падзвінні, напярэдадні Дзядоў святкавалі Бабы.

Цэнтральнае месца ў памінанні продкаў на Восеньскія Дзяды займае абрадавая вячэра. Колькасць страў, прыгатаваных для ўрачыстай трапезы, звычайна залежала ад дастатку сям’і. У розных рэгіёнах Беларусі на стол ставілі розную колькасць страў — нехта цотную, нехта няцотную (сем, адзінаццаць, дванаццаць), але есці, нягледзячы на гэта багацце, у некаторых вёсках дазвалялася толькі тры стравы і піць толькі тры чаркі. На стол ставіліся так званыя Дзедава чарка і Дзедава міска, у якія кожны чалец сям’і наліваў напоі і дадаваў ежу. За вячэрай гаварылі толькі пра сваіх продкаў, успаміналі іх справы і парады.

Адзін цікавы сямейны звычай на Дзяды, які ў цяперашні час ужо не выконваецца, — вядзенне сямейнай хронікі. Гэтыя «хронікі» захоўваліся на бэльках дома ў «пачэсным» куце. У Дзяды на гэтым адмысловым месцы выразалі імёны нованароджаных і тых, хто памёр у сям’і за год.

* * *

Сёлета Восеньскія Дзяды прайшлі для мяне асабліва сумна. Як мае продкі паставіліся б да таго, што адбываецца ў нашай роднай краіне? Да таго, што я не змагу больш прыехаць да іх на магілы, паколькі я — палітычны бежанец? Да таго, што Беларусь — адзіная краіна, дзе да гэтага часу адзначаюць 7 лістапада — дзень «Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі», і спрабуюць сцерці рэшткі гістарычнай памяці майго народа, зжыць родныя мову і культуру, замест таго, каб захоўваць, памятаць і ўзрошчваць свае карані?

Мне сорамна перад маімі продкамі, і, запальваючы свечку тут, за трыста кіламетраў ад мяжы радзімы, я папрашу ў іх даравання. За сябе. За ўвесь свой народ.

А потым я акунуся ў атмасферу лістападаўскай вячэрняй Рыгі, далучуся да мясцовых жыхароў, якія адзначаюць нацыянальныя святы, каб зноў адчуць, як гэта — не саромецца гісторыі свайго народа, а ганарыцца ёй.

Заметили ошибку? Сообщите нам о ней!

Пожалуйста, выделите в тексте соответствующий фрагмент и нажмите Ctrl+Enter.

Пожалуйста, выделите в тексте соответствующий фрагмент и нажмите Сообщить об ошибке.

По теме

Еще видео

Еще

Самое важное