● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.
Памятаю, я назірала, як маленькая Одрыя, унучка гаспадыні дома, чытала разам з бабуляй кнігу на латышскай мове. З Одрыяй мы камунікавалі адно жэстамі — дзяўчынка ні слова не ведае па-руску, а я тады нічога не разумела па-латышску. Гарэзу складана было доўга ўтрымаць на месцы: праз пару хвілін Одрыя пакінула чытанне і пабегла наверх, у сваю штаб-кватэру, шчыльна заселеную цацкамі. Так кардонная кніжка пра зверанятаў трапіла мне ў рукі.
Малюнкаў у ёй было шмат, а слоў мала, так часта бывае ў выданнях для дашкольнікаў. «Якраз тое, што патрэбна, каб пачаць вучыць латышскую», — пажартавала я сама з сябе і адкрыла выпадковую старонку. Там красавалася вавёрка і было напісана: vāvere. Мяне гэта і здзівіла, і ўзрадавала. Цікава, як так — нібыта мы розныя народы, а ў нашых мовах гэтае слова агульнае.
Дыктатура ў цэнтры Еўропы
Да падзей 2020 года ў Беларусі, калі мірныя пратэсты супраць сфальсіфікаваных выбараў прэзідэнта былі жорстка задушаны самаабранай уладай, і многія беларусы былі вымушаны з’ехаць з дому, баючыся палітычнага пераследу, жыхары Латвіі наўрад ці маглі ўявіць, што грамадзяне суседняй краіны знойдуць прытулак тут.
«Прытулак» у наўпроставым сэнсе — у статусе бежанцаў.
Здавалася б, Беларусь — краіна, геаграфічна размешчаная ў цэнтры Еўропы, з вялікім адсоткам насельніцтва з вышэйшай адукацыяй, гістарычна заснаваная на заходнееўрапейскіх каштоўнасцях. Гэта цяпер падручнікі па гісторыі і ідэалогіі беларускай дзяржавы перапісваюць штогод сыходзячы з «актуальнай палітычнай павесткі»: Саюзная дзяржава; вялікі брат Расія; рускамоўнасць як прымета лаяльнасці рэжыму (так, у Беларусі цяпер небяспечна размаўляць на роднай мове, гэта адміністрацыйна, а ў асобных выпадках — і крымінальна караецца).
А яшчэ каля 30 гадоў таму (так, ужо практычна столькі ўзгадоўваецца дыктатура ў Беларусі) дзеці вучыліся па бел-чырвона-белых падручніках у колерах гістарычнага сцяга (прызнанага цяпер «экстрэмісцкім»), дзе былі апісаны часы Полацкага і Тураўскага княстваў, Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай... І дзе беларусы супольна з заходнееўрапейскімі суседзямі, як маглі, адбіваліся ад драпежнага Маскоўскага княства.
Як бачым, стагоддзі мінаюць, а падзеі не змяняюцца — толькі
цяпер Беларусь, якая ледзь дыхае, прыціснутая імперскім пуцінскім ботам, становіцца разам з дыктатарскай Расіяй па іншы бок барыкадаў.
Хто не згодны — а такіх многія дзясяткі тысяч — або сядзяць за кратамі па палітычна матываваных справах, або з’ехалі, або вымушаны катэгарычна маўчаць і жыць у паўсюдным страху, што людзі ў чорным без апазнавальных знакаў у любую хвіліну могуць уварвацца да іх дадому.
Як вынік — Латвія стала для некаторых беларусаў другім домам. Я — адна з іх. І калі мы ладзілі акцыю ў міжнародны дзень салідарнасці з палітычнымі зняволенымі Беларусі, стоячы з іх партрэтамі каля Помніка Свабоды, адной з самых кранальных для нас фразаў была Paldies, Latvija!. Мы крычалі яе, завяршаючы нашу акцыю, са слязьмі на вачах. І побач са мной стаяла дзяўчына з Украіны, і ў гэтым ланцужку салідарнасці мы стаялі плячом да пляча.
Мы з табой адной крыві, ты і я — балцкі субстрат беларусаў
Што ж агульнае ў нашых двух народаў, беларускага і латышскага (калі я кажу «латышы», я маю на ўвазе ўсіх без выключэння жыхароў Латвіі), і чаму мы сапраўды пачуваемся тут як дома?
Мы добрыя суседзі, і нас многае яднае ў гісторыі. Існуе балцкая тэорыя паходжання беларускага этнасу. Згодна з ёй славянскія плямёны, што прыйшлі на тэрыторыю сучаснай Беларусі, змяшаліся са старажытнымі балтамі, якія там жылі — яцвягамі. Ці праўда гэта, складана сказаць, бо надта ўжо даўно гэта было.
У савецкі час прызнавалася толькі адна тэорыя — вялікаруская.
Яе назва кажа сама за сябе.
Агульныя словы ў нашых, такіх розных мовах
На першы погляд падаецца, што беларуская і латышская зусім не падобныя. Так кажа і фармальная навука: беларуская адносіцца да ўсходнеславянскіх моў, а латышская — да ўсходнебалтыйскіх.
Аднак мы зараз не пра гэта. Калі прыгледзецца да нашых моў больш уважліва, апынецца, што ў іх ёсць... агульныя словы, не ўласцівыя рускай, якая лічыцца блізкароднаснай беларускай.
Мяркуйце самі:
- латышск. vāvere, рус. белка, бел. вавёрка (vaviorka)
- латышск. talka, рус. «делать что-то коллективно, вместе», бел. талака (talaka)
- латышск. trusis, рус. кролик, бел. трус (trus)
- латышск. mirgot, рус. мелькать, бел. міргаць, мігцець (mirhać, mihcieć)
- латышск. kaija, рус. чайка, бел. кірля (kirļa)
Беларуская мова ў сапраўднасці мае цэлых два віды правапісу лацінкай, і яшчэ некалькі — кірыліцай.
Лацінскія літары беларусаў не палохаюць,
яны ім добра знаёмыя яшчэ з пачатку XX стагоддзя.
Каранямі ў роднай зямлі
Яшчэ адно назіранне, зробленае мной цягам двух гадоў жыцця ў Латвіі: для абодвух нашых народаў велізарнае значэнне да сёння маюць традыцыйныя старажытныя вераванні (дні памяці продкаў, дні сонцастаяння, святыя крыніцы, дубы і камяні), а таксама нацыянальны фальклор, народныя рамёствы.
Зямля — гэта святы канцэпт і латышоў, і беларусаў.
Мы людзі зямлі, вясковыя, хутарскія жыхары, і гэта вызначае наш светапогляд і лад жыцця. Адзін з галоўных эпічных твораў беларускай літаратуры — паэма «Новая зямля» Якуба Коласа, якая святкуе сёлета сваё 100-годдзе — менавіта пра гэта.
І латышы, падобна, з намі згодныя.
Вальналюбства і антыімперскасць
Беларусаў усяго каля 9 мільёнаў 200 тысяч, латышоў — трохі больш за 1 мільён 800 тысяч. Цягам гісторыі мы змагаемся за волю ад імперыі. У латышоў атрымалася здабыць незалежнасць, у беларусаў пакуль не. Аднак латышскі народ для нас — узор трываласці, вальналюбства і любові да ўсяго свайго.