Латвія, размаўляй са мной на сваёй мове. Як уцекачы сустракаюць Раство ў сваім новым доме

Напярэдадні Калядаў і Новага года я, як і многія, падводжу вынікі 2023-га і мару пра 2024-ты. І ўва мне ўзнімаецца пачуццё вялікай падзякі і да Латвіі, і да яе жыхароў, якія праявілі дабрыню, разуменне і дапамаглі мноству бежанцаў — спачатку, пасля рэвалюцыі 2020 года, з Беларусі, а затым, з 24 лютага 2022 года — з Украіны. І ўсім у маленькай гасціннай Латвіі хапіла месца і магчымасцей для спакойнага жыцця. А яшчэ — ведаеце што? — хочацца сказаць вялікі дзякуй вам, мае чытачы. Вы — мой сапраўдны скарб. Дзеля вас я ўсё гэта пішу.

● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.

У беларусаў зявіўся свой голас

Шчыра прызнацца, расказваць пра тое, як мы, беларусы, жывем у Латвіі — задача няпростая. Гэта вялікая адказнасць. І калі б не каманда Rus.LSM.lv, якая дала нам пляцоўку для выказвання на нашай роднай, беларускай мове, — і не сябры з «Суполкі» беларусаў Латвіі (https://supolka.lv/), якія адзначылі, што ўжо час нашай дыяспары сістэмна вырашаць узніклыя праблемы і адкрыта заяўляць пра сябе — нічога б не выйшла.

Адзін з маіх першых тэкстаў, прысвечаны ўзаемаадносінам рускай і латышскай моў і тых, для каго яны з'яўляюцца роднымі, у мясцовым грамадстве, выклікаў вельмі бурлівую, не пабаюся гэтага слова, вашу рэакцыю, дарагія чытачы. Настолькі шмат было каментароў у сацыяльных сетках, водгукаў — і станоўчых, і адмоўных, але другіх несувымерна больш — што я, шчыра кажучы, падумвала ўжо не працягваць сваю аўтарскую калонку. Спалохалася вас пакрыўдзіць.

Хтосьці нават пісаў, што я не існую і з'яўляюся ці то выдумкай штучнага інтэлекту (робат, а не чалавек!), ці то наймітам «загніваючага Захаду».

А вось і доказ майго ненатуральнага паходжання: немагчыма вывучыць латышскую мову за паўтара-два гады да ўзроўню B1. Яшчэ як магчыма, і нашая вялікая група вучняў — беларусаў і ўкраінцаў — вам гэта смела пацвердзіць. Мы ўжо ідзем на B2 у пачатку наступнага года. І нам гэта падабаецца.

Нам прыйшліся да сэрца латышская мова, культура, традыцыі. Свята песні і танца (да гэтага часу як успамінаю — мурашкі па целе ад спеваў шматтысячнага хору), рыжскія трамваі і настальгічныя цягнікі (дарэчы, хто на новых паспеў ужо пракаціцца?), пракаветныя лясы, балоты і мора. Цудоўная выпечка ў маленькіх кандытарскіх (чакай мяне, кавяранька каля дома, я ўжо лячу да цябе за круасанамі). Гімн Латвіі, словы якога празрыстыя, прыгожыя, простыя і цэляць у самае сэрца. І Рыга, і Тукумс (прывітанне, роднае месцейка!), і Юрмала, і Ліепая, і Цэсіс — і ўсе Твае гарады, мястэчкі і вёскі, Латвія, дзе ты прыняла і сагрэла ў сваіх абдымках тысячы бежанцаў, для якіх Ты сапраўды стала домам.

Латвія, размаўляй з намі на сваёй мове, мы цябе чуем і разумеем.

Трохі слоў удзячнасці

Пра тое, чым аб'яднанне беларусаў Латвіі «Суполка» займалася на працягу года, можна даведацца ў нашай калонцы. Падзей так шмат, што ўсяго і не пералічыць у пары фраз. Дарэчы, супольнасць, паводле слоў аднаго з яе актывістаў і ідэйных натхняльнікаў, які пажадаў застацца ананімным, зарэгістравана 2 лютага 2021 года.

Я спытала ў нашага героя, каму ён удзячны і хто аказваў падтрымку нашай дыяспары ў адыходзячым годзе. Ён усміхнуўся і адказаў: «Ніякага твайго артыкула не хопіць, бо ў Латвіі ў нас так шмат партнёраў і сяброў!».

Увесь калектыў Дачы-музея Райніса і Аспазіі ў Юрмале, з якім мы арганізоўвалі літаратурную вечарыну.

У дзвюх экспазіцыях, якія прайшлі ў прасторы арт-станцыі «Дубулты», мы распавялі пра беларускіх палітвязняў — інсталяцыя «Нябачная вайна. …1186—1264…» і выстава пра натхняльныя моманты нашай рэвалюцыі 2020 года — дваровыя канцэрты і крэатыўны супраціў народа, і пра тэрор пасля. Вялікая падзяка куратару галерэі Інзе Штэймане Inga Šteimane, якая ўзяла на сябе пытанні арганізацыі і фінансавання гэтых экспазіцый.

У чорную дату беларускай гісторыі, калі НКУС былі расстраляныя больш за сотню прадстаўнікоў інтэлігенцыі, на пранізлівым ветры каля Музея акупацыі разам з намі стаяла яго дырэктар Солвіта Віба (Solvita Vība), успамінаючы загінулых і выказваючы салідарнасць з намі.

У той вечар мы пазнаёміліся з Арнісам Лібертсам (Arnis Liberts). Хор Frachori, салістам якога ён з'яўляецца, жадаючы падтрымаць барацьбу беларусаў за дэмакратыю, выконваў Saule, Pērkons, Daugava у перакладзе беларускай паэткі на беларускую мову.

Утульным месцам для канцэртаў беларускіх музыкаў стаў дом Асацыяцыі Нацыянальных Культурных Таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч (АНКОЛ) пад кіраўніцтвам Рафі Хараджаняна.

Сумесная з Алінай Коўшык сустрэча ў рыжскай мэрыі дапамагла беларускай дыяспары фіналізаваць шматгадовы працэс набыцця свайго месца ў гарадской прасторы, і 29 лістапада Дума адобрыла прысваенне імя Францішка Скарыны рыжскаму скверу.

Падтрымка адміністрацыі горада дазволіла ўпершыню прадставіць беларускі стэнд на Дні Рыгі.

Наш голас чуюць і на заканадаўчым узроўні, і тут асобны дзякуй дэпутацкай групе падтрымкі дэмакратычнай Беларусі і прадстаўнікам латвійскага МЗС.

* * *

Латвія — гэта гасцінны дом, дзе жывуць нашы сябры, і няхай так будзе заўсёды!

Paldies, Latvija, par atbalstu! Priecīgus Ziemassvētkus un veiksmīgu Jauno gadu!

Заметили ошибку? Сообщите нам о ней!

Пожалуйста, выделите в тексте соответствующий фрагмент и нажмите Ctrl+Enter.

Пожалуйста, выделите в тексте соответствующий фрагмент и нажмите Сообщить об ошибке.

По теме

Еще видео

Еще

Самое важное