Пра страх і яго пераадоленне. Беларусы правялі ў Рызе Дзень салідарнасці з палітвязнямі

Ведаеце, чым адрозніваецца жыццё чалавека, які нарадзіўся, вырас і большую частку жыцця правёў пры дыктатуры, ад жыцця людзей у дэмакратычным грамадстве? У першую чаргу тым, што кожны дзень і кожнае імгненне думкамі, рашэннямі і ўчынкамі чалавека, выхаванага пры дыктатуры, кіруе страх. І здаецца, страх гэты немагчыма выкараніць. Я — гэтаму жывы прыклад. Прайшло ўжо амаль тры гады, як я атрымала палітычны прытулак у Латвіі і знаходжуся ў бяспецы, а страшна мне да гэтага часу.

● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.

Праца журналіста ў Беларусі хадзьба па мінным полі, ці Як я пераадольваю свае страхі кожны дзень

Страшна звярнуцца з якім-небудзь шараговым пытаннем у дзяржаўную ўстанову. Страшна падпісацца сапраўдным імем, калі публікуеш чарговы артыкул. Страшна давяраць рукам лекара, які цябе лечыць, паколькі быў негатыўны досвед у роднай краіне, якая славіцца бясплатнай медыцынай. Што ж, няхай многае ўжо не вярнуць, а сёе-тое, напрыклад зубы, яшчэ можна выправіць і перарабіць. Затое (іранізую) гэта было бясплатна.

І калі падчас святочных мерапрыемстваў у Рызе на вуліцах становіцца шмат праваахоўнікаў — да гэтага часу ловіш сябе на адчуванні ўнутранай напругі, калі бачыш чалавека ў форме паліцэйскага. І хочацца схавацца і ўцячы.

Зразумець гэта няцяжка. Таму што «ўцякач» — гэта і ёсць ад слова «ўцякаць». І бягуць, паверце мне, не ад добрага жыцця.

А прафесія незалежнага журналіста ў Беларусі (прапагандыстаў, якія спяваюць дыфірамбы рэжыму Лукашэнкі, я да журналістаў не прылічаю) — гэта і зусім хадзьба па мінным полі. Ніколі не ведаеш, калі і за што табе прыляціць. І ад каго — ад сваіх ці ад чужых. А часцей за ўсё — ад усіх, адразу і адначасова.

Аднак нягледзячы на ўсё гэта, беларусы Латвіі пераадольваюць сумневы і страх (а ці можам мы рэальна дапамагчы тым, хто сядзіць? а калі нас пазнаюць па фота і стануць пераследаваць нашых сваякоў, якія засталіся дома?). Кожны год актывісты ўзгадваюць тых сваіх землякоў, каму значна горш — яны знаходзяцца ў зняволенні па палітычна матываваных справах. Беларусы Латвіі прыходзяць 21 траўня да Помніка Свабоды з бел-чырвона-белымі сцягамі і нагадваюць свету аб тым, што нішто яшчэ не скончылася.

Рэпрэсіі працягваюцца, дыктатура «сінімі пальцамі» моцна трымаецца за ўладу, а некаторых палітвязняў, як, напрыклад, Паліну Шарэнда-Панасюк, не выпускаюць пасля адбыцця тэрміну, а навешваюць новы. І так — да бясконцасці.

Па звестках Беларускай асацыяцыі журналістаў (яе летась КДБ Беларусі прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем»), на сёння 35 журналістаў знаходзяцца ў зняволенні за сваю працу. Усяго ж палітвязняў, па стане на 21 траўня — 1393 чалавекі.

Дэпутаты Сейма хросныя для беларускіх палітвязняў, ці Як беларусы ў выгнанні працягваюць змагацца  

Беларусам, якія жывуць у Латвіі, важная падтрымка латвійскага грамадства і ўладаў. Да акцыі 21 траўня далучыліся Лэйла Расіма і Яна Сіманоўска — дэпутаты Сейма з групы падтрымкі дэмакратычнай Беларусі.

Усяго ж пяць латвійскіх палітыкаў у межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou сталі сёлета хроснымі для беларускіх палітвязняў.

Пасля падзеяў 2020 года ў Беларусі сітуацыя з правамі чалавека там працягвае пагаршацца. Самыя першыя бежанцы «хвалі-2020» за чатыры гады ўжо пачалі новае жыццё ў Латвіі, у некаторых з’явіліся сем’і і дзеці, асвойваецца латышская, знайшлася, нарэшце, добрая праца.

Здавалася б, на мінулыя беды можна забыцца і проста працягваць жыць сваімі штодзённымі клопатамі. Можна? Не, нельга.

Я паразмаўляла з адным з арганізатараў акцыі Дня салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі Раманам (імя змененае) пра тое, чаму ён працягвае грамадскую дзейнасць, нягледзячы ні на што. Даю яму слова.

«Дыктатарам хочацца ўвайсці ў гісторыю»

«Мне балюча за кожнага з гэтых палітвязняў, за кожны дзень жыцця, які забралі ў вельмі годных людзей. Таму мы прыходзім і расказваем пра гэта людзям вакол. І будзем гэта рабіць, пакуль наш народ нарэшце не стане вольным. Мы нагадваем жыхарам іншых краін, што

беларусы і Лукашэнка — не адно і тое ж. Мы доўга трывалі яго тупую калгасную палітыку, яго абразы — але больш мы гэтага не жадаем.

Нашы шляхі канчаткова разышліся ў 2020 годзе, калі большасць прагаласавала за каго заўгодна, толькі не за яго».

«Палітвязні — важны інструмент для рэжыму Лукашэнкі. Маніпулюючы імі, ён запалохвае астатніх беларусаў, так утрымліваючы грамадзян ад далейшых пратэстаў і забастовак. Таму ён не пойдзе ні на якія сур’ёзныя перамовы па адмове ад гэтага інструмента. Аднак і сам рэжым Лукашэнкі перамагчы пакуль немагчыма — ён абапіраецца на моцную фінансавую і сілавую падтрымку з боку РФ. Для Крамля ён — важны саюзнік: дзякуючы фактычнаму захопу Беларусі праз поўнае падпарадкаванне Лукашэнкі Расія паралізуе гандаль у нашым рэгіёне, аслабляючы эканомікі Балтыі, Украіны і Польшчы. Краіны рэгіёна павінны лабіраваць больш жорсткія санкцыі супраць Расіі і Беларусі, каб аслабіць іх, і хаця б крыху выраўнаваць баланс сіл у свой бок. Што ўрады краін Балтыі і робяць».

«Публічныя акцыі дазваляюць даносіць да людзей простую думку — гандаль з дыктатурамі ўмацоўвае і падтрымлівае гэтыя палітычныя рэжымы, створаныя для ператварэння людзей у рабоў.

Бо дыктатуры — Расія, Беларусь, Кітай, Туркменістан — гэта не пра ўладу і правы дыктатара. Сэнс гэтых рэжымаў — эксплуатацыя іншых людзей,

уласнага насельніцтва, якая абапіраецца на адабранне палітычнай улады і гвалт, якая выціскае з іх усё магчымае, каб забяспечыць звышраскошнае жыццё дыктатара і нешматлікай палітычнай эліты.

Яны ўмела хаваюць інфармацыю аб тым, як жывуць. Які з іншых палітыкаў мае 18 толькі вядомых рэзідэнцый у краіне памерамі 500 на 600 кіламетраў? А ў Лукашэнкі, уявіце, ёсць. І гэта толькі малая частка таго, чым ён карыстаецца. Вірус дыктатуры вельмі заразны. Бо калі побач ёсць тэрыторыя, дзе кіраўнік можа сабе дазволіць усё, што заўгодна, элітам іншых краін таксама хочацца здабыць такія даброты. Акрамя таго, дыктатарам абавязкова трэба ўвайсці ў гісторыю, і яны нападаюць на суседнія краіны. Таму ў інтарэсах усіх жыхароў дэмакратычных дзяржаў, каб у краіне па суседстве таксама была дэмакратыя».

* * *

Шчыра, мяне захапляюць палымяныя прамовы актывістаў, такіх як Раман і іншыя беларусы, якія думаюць пра родную краіну і змагаюцца за яе дабрабыт кожны дзень. Можа, у іх словах і шмат юначага максімалізму, але менавіта такія людзі — галоўны скарб сваёй нацыі. На іх трымаецца грамадства. Забіты ў 2020 годзе ў Мінску сілавікамі Раман Бандарэнка сваю апошнюю фразу напісаў у чат жыхароў свайго двара: «Я выходжу».

І мы, беларускія ўцекачы, выходзім на вуліцы гарадоў і краін, дзе цяпер жывем, ад імя Ромы і ўсіх тых, хто быў забіты і хто знаходзіцца ў зняволенні. Мы выходзім за сябе і за іх, бо яны не могуць.

Заметили ошибку? Сообщите нам о ней!

Пожалуйста, выделите в тексте соответствующий фрагмент и нажмите Ctrl+Enter.

Пожалуйста, выделите в тексте соответствующий фрагмент и нажмите Сообщить об ошибке.

По теме

Еще видео

Еще

Самое важное