Коцікі мастачкі з Беларусі зробяць у Рызе «25 крокаў да Свабоды»

Халодным зімовым вечарам я зайшла пагрэцца ў кавярню ў Ціхім цэнтры Рыгі. Да інтэрв’ю з маёй гераіняй заставалася яшчэ паўгадзіны. Яна, як і я, уцякачка, толькі я пра Беларусь пішу тэксты, а Вольга Якубоўская — карціны. Мы абедзве не цікавіліся палітыкай, а проста хацелі займацца творчасцю. А потым надышоў 2020 год.

● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.

Кавярня аказалася дог-фрэндлі. За суседнім столікам сядзелі прыгожыя дзяўчаты з дагледжанымі сабачкамі (для гадаванцаў былі свае асобныя крэслы) і вялі свецкую гутарку на рускай: «Мы сёння ездзілі на масаж, майму сабачку спадабалася. А вы? Былі ў цырульніка?.. У ветклініцы нам сказалі, што праз 5 месяцаў мы зможам перавесці яе на харчаванне белай рыбай. А вы рабілі вашай прыгажуні медыцынскую страхоўку?»...

Саграваючы азяблыя рукі аб кубак з кавай, я думала:

у гэты самы момант ва Украіне ідзе вайна, у Беларусі сілавікі зноў прыйшлі да маіх сяброў дадому. А тут — ціхі свет.

Гэтыя сабачкі жывуць лепш за многіх бежанцаў з Беларусі і Украіны. Людзі, працуючы суткамі, не могуць дазволіць сабе асобную медстрахоўку, ды і рыбу кожны дзень есць не кожны. Ды і сваёй хаты ў іх няма. Затое яны жывыя, на волі, могуць казаць адкрыта і маюць шанц на лепшае жыццё...

У сумных думках паўгадзіны праляцелі хутка, і вось я ўжо абдымаю сваю гераіню. Мы размаўляем пра яе будучую выставу.

Ад дзіцячых кніг да палітычнага «маніфесту»

Недзе ў Мінску восенню 2020-га. ● Где-то в Минске осенью 2020-го.
Недзе ў Мінску восенню 2020-га. ● Где-то в Минске осенью 2020-го.

ВЫСТАВА

1 лютага ў Рыжскай думе адбудзецца адкрыццё выставы Вольгі Якубоўскай (Ольга Якубовская, Volha Yakubouskaya) — мастачкі, вымушанай з’ехаць з Беларусі пасля падзеяў 2020 года. Працы Вольгі з серыі «Коцікі Свабоды» сталі сімвалам рэвалюцыі і выстаўляліся ў Манака, Польшчы, Бельгіі, Італіі, Латвіі.
Арганізатарамі выставы выступілі Рыжская дума, Асацыяцыя беларусаў Латвіі «Суполка» пры падтрымцы Дацкага культурнага інстытута ў Эстоніі, Латвіі і Літве. У адкрыцці возьме ўдзел прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Аліна Коўшык. На выставе ў Рызе мастачка пакажа 25 карцін, прысвечаных 25 момантам беларускага супраціву.

Рэвалюцыя заспела мастачку ў адным з невялікіх гарадоў на поўначы Беларусі, дзе яна жыла і працавала шмат гадоў. Размаўляючы з ёй, я злавіла сябе на думцы, што яна па-ранейшаму жыве тымі падзеямі тут і цяпер, хоць прайшло ўжо тры гады — настолькі эмацыйныя і глыбокія яе ўспаміны. Малюе Вольга практычна кожны дзень і прызнаецца, што не спыніцца да таго часу, пакуль Беларусь не стане дэмакратычнай і на волю не выйдзе апошні палітвязень. На момант напісання гэтага артыкула афіцыйна іх 1582 чалавекі, і гэтая лічба павялічваецца кожны дзень, паколькі рэпрэсіі не спыняюцца.

Вольга займалася дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, стварала карціны са скуры і ілюстравала кнігі для дзяцей. Яна не цікавілася палітыкай. Да 9 жніўня 2020 года, чарговых «выбараў» прэзідэнта Беларусі, і пачатку мірных пратэстаў людзей супраць сфальсіфікаваных вынікаў. Выступленні былі жорстка задушаныя, дыктатар уседзеў на троне, рэпрэсіі працягваюцца дагэтуль. Афіцыйна ўлады прызналі, што краіну пакінулі 200 тысяч чалавек, але насамрэч нашмат больш, і людзі працягваюць з’язджаць.

Коцікатэрапія як барацьба з дыктатурай

Маштабы рэпрэсій і неверагодная жорсткасць сілавікоў пры падаўленні мірных пратэстаў узрушылі Вольгу. Моцныя негатыўныя эмоцыі падштурхнулі яе да рэфлексіі і стварэння серыі. Яна пачала фіксаваць усе тыя падзеі, сведкай якіх яна з’яўлялася, у мастацкай форме.

У многіх працах Вольгі Якубоўскай за алегарычным вобразам коціка беспамылкова пазнаецца канкрэтны чалавек — актывіст, палітык, дзеяч культуры, палітвязень.

«Мая першая праца была прысвечана актывістцы Ніне Багінскай. Для мяне гэта была і падзяка, і тэрапія. Ува мне быў такі велізарны боль, што я не ведала, як далей быць, я згарала знутры. Слёзы скончыліся, усярэдзіне — велізарная дзіра. І ўсё, што я магла зрабіць — гэта творчасць, толькі яна прыносіла сілы.

Чаму коцікі? Стварэнне вясёлых малюнкаў, як я часам жартаўліва кажу, або коцікатэрапія — гэта спосаб адысці ад рэальнасці, лёгкасць. Калі Ніна ідзе на фоне амапаўцаў са сцягам — маленькая далікатная жанчына супраць монстраў — яна гэта робіць таму, што не баіцца. У яе ёсць яе місія. Моц яе асобы ўражвае. Калі я скончыла гэтую працу, то вырашыла, што павінна падарыць яе Ніне. Так пасля і адбылося».

Ніна Багінская. Першая праца Вольгі Якубоўскай. ● Нина Багинская. Первая работа Ольги Якубовско...
Ніна Багінская. Першая праца Вольгі Якубоўскай. ● Нина Багинская. Первая работа Ольги Якубовской.

Коцікі, прыдуманыя Вольгай, пайшлі ў народ і больш за тое — шырока разышліся па свеце — «жывуць» усюды, дзе толькі ёсць беларусы. Яны сталі сюжэтам графіці, выявамі на паштоўках і настольных календарах, якія адпраўлялі палітвязням, іх малююць на шоперах, выкарыстоўваюць у афармленні кніг.

«Рэпрэсіі працягваюцца, Беларусь не стала менш пакутаваць»

Безумоўна лагічна, адзначае мастачка, што на фоне вайны ва Украіне і ўвогуле жудасных падзей, якія адбываюцца ў свеце, жыццё простых беларусаў адыходзіць у глабальных СМІ на другі план. Аднак нічога не змянілася. Беларусь не стала менш пакутніцкай краінай. Вялікая колькасць беларусаў засталася без дому, уцякаючы ад рэжыму. І яго жорсткасць нікуды не падзелася, і катаванні ў турмах працягваюцца, і людзей забіраюць кожны дзень.

«Збіваць (і забіваць!) простых мірных жыхароў на вуліцы проста за тое, што яны, законапаслухмяныя грамадзяне, зрабілі свой выбар, на які мелі права!... Наш народ глыбока траўміраваны. Нішто нікуды не знікла. Мы павінны яшчэ перажыць гэта ўсё. Многія, хто засталіся ў Беларусі, не могуць нават казаць зараз адкрыта, як можам гэта рабіць мы, каму ўдалося ўцячы. Сталінскія часы размоваў на кухнях, здаецца, вярнуліся.

Людзям, якія жывуць у вялізным страху, я зараз вельмі спачуваю і прашу ўсіх толькі аб адным:

беражыце сябе, засцеражыце сябе, зрабіце ўсё, каб не было да чаго прычапіцца. Галоўнае — захаваць сваё свабоднае мысленне. Могуць абшукаць кватэру, праверыць тэлефон... Але ў галаву да вас ужо дакладна ніхто не залезе!

Мы свой шанц абавязкова атрымаем. Ні трэцяга, ні другога не дадзена — усе хочуць новую Беларусь».

* * *

  • Прыйсці на адкрыццё выставы Вольгі Якубоўскай «25 крокаў да Свабоды» 1 лютага ў 16:00 у будынку рыжскай ратушы (Rātslaukums 1) можа любы жадаючы. Арганізатары просяць да 29 студзеня пацвердзіць удзел, запоўніўшы анлайн-форму тут.
Заметили ошибку? Сообщите нам о ней!

Пожалуйста, выделите в тексте соответствующий фрагмент и нажмите Ctrl+Enter.

Пожалуйста, выделите в тексте соответствующий фрагмент и нажмите Сообщить об ошибке.

По теме

Еще видео

Еще

Самое важное