«На варотах серп і молат, а ў хаце смерць і голад». Чаму мне важна памятаць пра Галадамор

Кожную чацвёртую суботу лістапада (сёлета 25 лістапада) ва Украіне абвяшчаецца Дзень памяці ахвяр Галадамору 1932–1933 гг., у выніку якога загінулі каля 4,5 млн чалавек. Усяго ў СССР у той перыяд голад забраў жыцці каля 7 млн чалавек, пішуць пра вялікую колькасць ахвяр у Казахстане і Расіі. У 2008 годзе Сейм Латвіі прыняў дэкларацыю пра савецкія рэпрэсіі ў дачыненні да ўкраінскага народа. Галадамор ва Украіне прызналі генацыдам ужо тры дзясяткі краін. 25 лістапада 2023 года — гэта ўжо 640-вы дзень поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Чаму асабіста мне — простаму беларускаму шарагоўцу, які па волі лёсу знайшоў другі дом у Латвіі, так важныя і так патрэбныя гэтыя лічбы?

● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.

Звычка перапісваць праўду

Масавы голад быў і ў Беларусі, маёй роднай краіне, толькі пра гэта пішуць значна менш — выключна ў незалежных беларускіх медыя, якія працуюць у выгнанні пасля падзей 2020 года. Як і пра рэпрэсіі 1930-х гадоў і пра тое, што ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам былі расстраляныя найлепшыя з найлепшых прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. У аўтарытарнай дзяржаве прынята перапісваць гісторыю па меры неабходнасці — як былы рэдактар, які працаваў у навучальных установах маёй краіны, я пра гэта ведаю не па чутках.

Падручнікі па гісторыі, сацыялогіі і ідэалогіі беларускай дзяржавы перавыпускаюцца фактычна кожны год. І з кожным годам знайсці там гістарычную праўду ўсё больш складана.

Але мне хочацца ведаць яе. І расказаць яе іншым.    

«Беларусы дзяліліся з украінцамі хлебам і бульбай»

Беларускія гісторыкі кажуць, што яны яшчэ на шляху вызначэння дакладнай колькасці ахвяр у Беларусі ў 1933–1934 і 1946–1947 гадах. Гаворка ідзе пра тысячы памерлых, дзясяткі тысяч пацярпелых і пра сотні рэпрэсаваных за нібыта шкодніцтва і арганізацыю голаду.

Да катастрафічнага становішча з харчаваннем у СССР прывялі калектывізацыя (сяляне рэзалі быдла, каб не аддаваць яго ў калгасы), экстэнсіўны рост колькасці заводаў (сялян паўпрымусова прымушалі працаваць там, а араць не было каму) і — так, засуха 1931–1932 гадоў.

Спрыяла голаду і сістэма «чорных дошак»: норма па здачы збожжа, малака і іншай прадукцыі была аднолькавай ва ўсіх калгасах, незалежна ад прыродных і кліматычных умоў. Тыя калгасы, якія з-за аб’ектыўных абставін не маглі выканаць гэты план, заносіліся на «чорную дошку». Склад такога калгасу апячатвалі, насенне размяркоўвалі паміж суседнімі калгасамі, тавары з крамы канфіскоўвалі, партыйныя ячэйкі распускалі, гандаль цалкам забаранялі, а мясцовае кіраўніцтва і радавых калгаснікаў — рэпрэсавалі.

Калі калгас не «выпраўляўся», то яго распускалі зусім, а ўсю маёмасць канфіскавалі. У распушчаных калгасах арыштоўвалі мясцовых сялян, якія самі спрабавалі малоць муку, каб выжыць. Гэта прывяло да таго, што людзі ў калгасах, занесеных на «чорныя дошкі», былі асуджаныя на галодную смерць.

На пачатку 1930-х гадоў кіраўніцтва Камуністычнай партыі Беларусі, каб заслужыць прыхільнасць Масквы, звярнулася ў ЦК з прапановай павысіць паказчыкі калектывізацыі. Па словах гісторыка Ірыны Раманавай, сяляне ўсяляк супраціўляліся прымусу, «ішла сапраўдная сялянская вайна супраць калектывізацыі», прыватныя гаспадаркі занепадалі, а новая эканамічная сістэма не працавала.

Мацней за ўсё пацярпелі паўднёвыя раёны Беларусі, блізкія да Украіны: Мазырскі, Петрыкаўскі, Жыткавіцкі, якія «на паперы» былі на 100% калектывізаваны. У выніку ў 1933 годзе пачаўся голад.

Моцны ўплыў аказала сітуацыя ва Украіне, дзе голад дасягнуў вялізных памераў, гінулі многія тысячы сялян, і ўсё больш яшчэ жывых ратаваліся ўцёкамі на поўнач.

«Памежныя з Украінай раёны Беларусі былі наводненыя бежанцамі ад голаду, якія шукалі тут прытулку. Украінцы казалі, што ў іх добры ўраджай, але ўлады ўсё адабралі. Беларусы дзяліліся хлебам і бульбай, сведчанняў гэтаму нямала, але самім тады есці не было чаго. Статыстыка была ўтоеная, савецкія газеты таго часу пра гэта не пісалі, але ў партыйных і дзяржаўных архівах можна знайсці мноства сведчанняў пра голад», — кажа Ірына Раманава.

Голад паўтарыўся ў 1946–1947 гадах і накрыў цяпер ужо ўсю Беларусь, а не толькі асобныя рэгіёны. Голад быў выкліканы, перш за ўсё, паваеннай разрухай і палітыкай уладаў.

* * *

Калі чытаеш архіўныя сведчанні і бачыш фатаграфіі часоў Галадамору, седзячы ва ўтульнай кватэры ў Рызе, ужо ўпрыгожанай навагоднімі гірляндамі ў чаканні Калядаў,

асабліва востра — на кантрасце — адчуваеш, які ж гэта быў жах, неапісальны словамі. «На варотах серп і молат, а ў хаце смерць і голад».

У чым, простымі словамі кажучы, галоўнае адрозненне таталітарнай палітычнай сістэмы ад дэмакратычнай? У цэнтры таталітарызму не ўласна чалавек і каштоўнасць яго жыцця, а калектыўная ідэя, дзеля якой ён павінен ахвяраваць дабрабытам і здароўем — сваім і сваіх дзяцей, а па сутнасці — і жыццём.

Задумайцеся, калі ў наступны раз вы прачытаеце дзесьці, быццам ёсць нейкая абстрактная «светлая будучыня», якую не пакратаеш рукамі, не вымераеш лінейкай.

Але чамусьці (незразумела чаму!) за гэтую ўмоўнасць, за гэтую фікцыю, трэба аддаць сваё рэальнае, штодзённае, персанальнае, сённяшняе — жыццё.

Заметили ошибку? Сообщите нам о ней!

Пожалуйста, выделите в тексте соответствующий фрагмент и нажмите Ctrl+Enter.

Пожалуйста, выделите в тексте соответствующий фрагмент и нажмите Сообщить об ошибке.

По теме

Еще видео

Еще

Самое важное