● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.
За падпіску і чытанне гэтай старонкі, а таксама за выкарыстанне мерчу на тэрыторыі Беларусі паложана адміністрацыйная адказнасць (гэта значыць, штраф або «суткі»). Так мілыя пухнатыя коцікі (я расказвала пра іх) ператварыліся ў «экстрэмістаў».
З кожным днём усё цудоўней і цудоўней, думаю я, чытаючы навіны пра Радзіму.
Зрэшты, тое, што для жыхара Латвіі, які можа спакойна выказваць меркаванне пра ўсё навокал — дзіва, балесны сюр, шызафрэнічная дзікасць — для беларуса ўжо штодзённасць. Спіс так званых «экстрэмісцкіх матэрыялаў», размешчаны Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, разросся да больш за 800 старонак.
Коцікаў, вядома, шкада. Але не толькі гэтая навіна прыцягнула маю ўвагу ў апошні час. Падобна, у беларусаў маюць намер у чарговы раз адбіраць гістарычную памяць. І ўдачна «прыляпіць» іх да расійскага інфармацыйнага поля. Пра тое, што трэба беларусам гэта, як таму самаму коціку — пятая нага, гэта значыць — ні разу не трэба, дыктатура не задумваецца. Усё ўжо вырашылі за нас.
Адзіныя падручнікі гісторыі і агульныя спісы «экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Міжведамасная камісія па гістарычнай асвеце пры прэзідэнце РФ і Рэспубліканская рада па гістарычнай палітыцы пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі 25 студзеня ў Мінску падпісалі мемарандум пра ўзаемаразуменне.
Праз тыдзень, 1 лютага, пасол Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў заявіў на пасяджэнні праграмнай камісіі партыі «Адзіная Расія», што Мінск і Масква дамовіліся пра стварэнне адзіных падручнікаў гісторыі для школ і ВНУ.
Па словах Грызлова, «гэтая тэма вельмі важная, таму што да гэтага часу ёсць розначытанні ў разуменні вельмі важных падзей і ў гісторыі Савецкага Саюза, і ў гісторыі яшчэ Расійскай імперыі».
«І зараз мы дамовіліся аб тым, што мы будзем гэтыя падзеі разглядаць з адзінага пункту гледжання», — абвясціў ён.
Якія такія розначытанні? Калі коратка,
беларусы стагоддзямі з большым ці меншым поспехам спрабавалі пазбавіцца ад жалезных абдымкаў расійскага «старэйшага брата», які ў розны час называўся то Маскоўскае княства, то Расійская імперыя, то СССР, то РФ.
У перыяды Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай беларускія землі былі ў значна большай ступені часткай заходнееўрапейскай культурна-палітычнай традыцыі, чым маскоўскай. Цяпер, здаецца, гэтыя гістарычныя адрэзкі будуць выкраслены з беларускай гісторыі альбо пададзены не як пошук сваёй незалежнасці, а як «экстрэмізм». Улада Лукашэнкі называе так любую праяву іншадумства.
Напісанне правільнай «аб’яднанай гісторыі» ўжо пачалося — з рашэння аб’яднаць спісы так званых «экстрэмісцкіх матэрыялаў» Беларусі і Расіі — каб, як гаворыцца, ніводная апазіцыйная муха не праляцела, ніводная вольная мыш, прабачце, думка, не праскочыла-прасачылася ў СМІ і сацыяльныя сеткі грамадзян РБ і РФ. Каб два выпаленыя інфармацыйныя палі сталі адной велізарнай усепаглынальнай чорнай дзіркай. Зрэшты, расійская павестка, хутчэй за ўсё, папросту паглыне беларускую.
«Хлусня пасяляецца ў гісторыі і становіцца праўдай»
Стварэнне агульных падручнікаў гісторыі для Расіі і Беларусі палітык Святлана Ціханоўская трактуе https://belsat.eu/ru/news/02-02-2024-svetlana-tihanovskaya-vyskazalas-ob-obshhih-uchebnikah-istorii-dlya-belarusi-i-rossii як чарговы крок рэжыму Лукашэнкі да здачы незалежнасці краіны: «Рэжым ужо не раз спрабаваў перапісваць нашу гісторыю. Выкрэсліваў з падручнікаў памятныя даты, «адмяняў» нацыянальных герояў. Так робіць любая дыктатура: імкнучыся завалодаць мінулым, яна нацэльваецца кантраляваць будучыню».
Ці памятаеце? У Джорджа Оруэла, у «1984»:
«Хто кантралюе мінулае, той кантралюе будучыню. Хто кантралюе сучаснасць, той кантралюе мінулае».
І яшчэ, адтуль жа:
«Партыя кажа, што Акіянія ніколі не заключала саюзу з Еўразіяй. Ён, Уінстан Сміт, ведае, што Акіянія была ў саюзе з Еўразіяй усяго чатыры гады таму. Але дзе захоўваюцца гэтыя веды? Толькі ў яго розуме, а ён, так ці інакш, хутка будзе знішчаны. І калі ўсе прымаюць хлусню, навязаную партыяй, калі ва ўсіх дакументах адна і тая ж песня, тады гэтая хлусня пасяляецца ў гісторыі і становіцца праўдай».
Раман Оруэла быў напісаны ў 1948 годзе, апублікаваны ў 1949-м, але апісвае абсалютна дакладна сітуацыю ў Беларусі сёння. Нездарма кажуць, што ўсе дыктатуры — аднолькавыя, гэта дэмакратыі ў розных краінах розныя, у кожнай свая. Прачытаўшы знакаміты раман да канца, уяўляеш, як можа скласціся лёс Беларусі далей.
Вельмі не хочацца, каб было так.
* * *
Мусіць, паважаныя чытачы, па законе жанру тут павінна быць нейкая мараль ці далёкасяжныя высновы. Але іх не будзе. Пра важнасць захавання нацыянальнай ідэнтычнасці і пошуку сваіх каранёў я ўжо пісала, і гэтае пытанне Латвія для сябе дастаткова паспяхова, на мой погляд, вырашае. А беларусам належыць змагацца за гістарычную праўду яшчэ доўга. Ці баяцца яны, што прайграюць? За сябе скажу шчыра — я баюся. І трэба было б супакоіць нервы пасля чытання навінавай стужкі.
Напрашуся да землякоў у госці пагладзіць коціка. Беларускага. «Экстрэмісцкага».