Беларусы прайгралі… ці не? Думкі бежанца незадоўга да Раства

Нам падавалася, што пасля распаду Савецкага Саюза скончылася і ўсё, што было з ім звязана. Засталіся ў мінулым і беднасць, і ўраўнілаўка, і хада строем, і вялікі магутны адзіны савецкі чалавек, і мова, на якой ён павінен гаварыць, і рэпрэсіі за іншадумства. А ў савецкую ідэалогію і так быццам бы ніхто і ніколі сур’ёзна не верыў. Аднак ідэя камунізму-сацыялізму савецкага разліву аказалася надзвычай жывучая.

● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.

Яна, стаіўшыся на нейкі час, узарвалася жорсткім задушэннем рэвалюцыі 2020 года ў Беларусі, разраслася ў поўнамаштабную вайну Расіі супраць Украіны і працягвае «квітнець і пахнуць», пагражаючы свету Трэцяй сусветнай. Я бачу на прыкладзе маёй роднай краіны, што ад перамены месцаў складнікаў сума не мяняецца. І калі назваць марксізм-ленінізм ідэалогіяй беларускай дзяржавы, а камсамол замяніць на БРСМ, ад гэтага не лягчэй.

І якая розніца, як завуць дыктатара — Іосіф, Аляксандр ці Уладзімір — калі тысячы людзей у турмах, а дзясяткі тысяч у выгнанні і не могуць вярнуцца дадому.

На днях у аэрапорце Рыгі перад пасадкай на самалёт у мяне правяралі пашпарт. Убачыўшы мой сіні «праязны дакумент» уцекача, які атрымаў абарону ў Латвіі, супрацоўнік звярнуўся да мяне на рускай. Я адказала, што размаўляю на латышскай. Усмешлівы сімпатычны малады памежнік не проста пажадаў мне добрай дарогі. Ён дадаў: «Рады прыняць вас у Латвіі, і няхай яна стане для вас домам». Я ледзь не расплакалася, гэта было кранальна. Ці ўсе людзі, якія страцілі Радзіму, настолькі сентыментальныя — не ведаю. Я адказала: «Дзякуй Латвіі за ўсё».

Цяпер, праводзячы калядныя вакацыі ў іншай, цёплай і гасціннай краіне, дзе ў мяне жыве каханы, увесь час параўноўваю: «А вось у нас у Латвіі ўжо снегу гэтулькі! Тут не. А малако якое смачнае, а хлеб які ў нас! А тут у прадуктаў зусім іншы смак...» І лаўлю сябе на думцы, што Латвія — так, «у нас», так, сапраўды, мой дом. І ўсё добра, пакуль не адкрываеш стужку навін беларускіх незалежных СМІ… А што ж там адбываецца, на маёй радзіме? Як і апошнія амаль 30 гадоў — дыктатура.

Чатыры пытанні, якія змянілі лёс Беларусі

Асяроддзе, у якім я знаходзілася і расла з самага дзяцінства — бацькі, садок, школа — не мела на ўвазе выхавання на аснове нацыянальнай культуры, і, навукова кажучы, фарміравання нацыянальнай ідэнтычнасці. Першыя класы школы для мяне былі абазначаны сімваламі кароткага адраджэння пачатку 1990-х — мы былі акцябратамі, але ўжо не сталі піянерамі, мы нарадзіліся ў Беларускай ССР, але вучыліся ўжо ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь. Аднак дзесяцігоддзі ўплыву савецкай ідэалогіі не прайшлі дарма ні для пакалення маіх дзядуляў і бабуль, а затым і бацькоў, ні для майго пакалення.

Аднак сапраўдная незалежнасць працягнулася нядоўга. Ведаеце, як я гэта зразумела? Калі ў школе падручнікі па гісторыі Беларусі з бел-чырвона-белымі вокладкамі раптам замянілі на вокладкі з чырвона-зялёным сцягам, для нас, вучняў 5 класа, нічога не змянілася. І мы ніколі не задаваліся пытаннем, чаму ўрокаў рускай мовы і літаратуры ў нас у два разы больш, чым урокаў роднай мовы і літаратуры. Як быццам так і павінна быць. Калі мае бацькі на першым рэферэндуме 14 мая 1995 года прагаласавалі за змену дзяржаўнага бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня» на чырвона-зялёнае палотнішча ідэалагічна каламутнага паходжання і на герб кшталту «капуста», —

для шараговага беларускага абывацеля нічога незвычайнага не адбылося. «А што такога? Няхай будзе. Прэзідэнту лепш відаць».

Тады ж было вынесена на рэферэндум пытанне аб прызнанні дзяржаўнымі дзвюх моў — рускай і беларускай — якое фактычна паставіла крыж на развіцці беларускай мовы і абумовіла яе паміранне. І зноў-такі, на думку мноства простых беларусаў, нічога страшнага не адбылося. Яшчэ адно пытанне гучала так: «Ці падтрымліваеце Вы дзеянні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, накіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй?». І далей: «Ці згодныя Вы з неабходнасцю ўнясення змяненняў у дзейную Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі?». Прыгледзьцеся да гэтых пытанняў — чым не схема, чым не далёкасяжная стратэгія? Рэалізацыя якой адбываецца ўжо амаль 30 гадоў на нашых вачах.

Калі мае сябры ў мяне пытаюцца: як думаеш, што мы зрабілі ў 2020 годзе не так, чаму мы прайгралі? Я адказваю: не мы пацярпелі паразу. Гэта здарылася задоўга да нас. У 1995 годзе нашы бацькі здзейснілі фатальную памылку, даруйце за каламбур, адказаўшы «так» на непрыстойныя прапановы аднаго чалавека.

Так, яны гэта зрабілі не са зла, а па няведанні. Але няведанне не вызваляе ад адказнасці.

Няўжо не дзіўна, што многія жыхары Беларусі нічога не падазраюць пра тое, якім чынам фармуецца дзяржаўны бюджэт? Што грамадзяне, працуючы і плацячы падаткі, напаўняюць гэты бюджэт, што ў ім — іх, народныя грошы? Што яны маюць права ведаць, якім чынам іх размяркоўваюць? Некаторыя беларускія пенсіянеры думаюць, быццам улада бярэ гэтыя грошы аднекуль з неба, і што менавіта ўлада мусіць распараджацца гэтымі сродкамі, а не яны.

А ў выніку, калі вы дазваляеце, каб нехта залез у вашыя галовы, а затым і гаманцы, то ў рэшце рэшт хтосьці пачне кіраваць і вашым жыццём, і будучыняй вашых дзяцей.

* * *

«…Тата, чаму ты не вучыў у школе беларускую мову?». — «Ты ж ведаеш, твой дзядуля быў вайскоўцам. Сем’і вайскоўцаў маглі адмовіцца ад вывучэння беларускай мовы ў школе. Бацькі проста пісалі заяву, і дзіця вызвалялі. Я і не вучыў. А навошта?..»

«...І ўвогуле, адкуль ты ведаеш гэтую калгасную мову? Перастань на ёй размаўляць». — «Мама, ты сама родам з маленькай вёсачкі за пару сотняў кіламетраў ад Мінска. Ты сама размаўляеш на гэтай мове, толькі не заўважаеш гэтага». — «Гэтая мова вясковая, а мы гарадскія…»

«…Нягледзячы на тое, што вы адкрыта не праяўляеце свае палітычныя погляды на працоўным месцы, мы бачым вашыя антыдзяржаўныя намеры. Ваша характарыстыка як супрацоўніка не адпавядае стандартам, трэба, каб вы напісалі іншую…»

Бясконца пракручваючы ў галаве ўспаміны, я параўноўваю і разумею: у Латвіі мне ніхто не забараняе размаўляць на роднай мове і думаць тое, што я лічу патрэбным. І мне не трэба пісаць характарыстыкі на саму сябе аб тым, наколькі я «добранадзейная». Можна проста жыць і рыхтавацца сустракаць Раство. Латвія, Ты зрабіла правільны выбар, хаця ён і даўся табе вялікай крывёй.

А мы, беларусы? Мне здаецца, што мы прайгралі, але — гэта не назаўжды. Мы яшчэ зробім свой правільны выбар.

Заметили ошибку? Сообщите нам о ней!

Пожалуйста, выделите в тексте соответствующий фрагмент и нажмите Ctrl+Enter.

Пожалуйста, выделите в тексте соответствующий фрагмент и нажмите Сообщить об ошибке.

По теме

Еще видео

Еще

Самое важное