«І на Марсе будуць яблыні квітнець». Як беларуска паляцела ў космас і што з гэтага выйшла

У маёй роднай Беларусі 12 красавіка адзначаюць Сусветны дзень авіяцыі і касманаўтыкі. А яшчэ зусім нядаўна адбылася эпахальная падзея — мая краіна стала... касмічнай дзяржавай! Гісторыя, калі разабрацца падрабязней, з тых, пра якіх у маім народзе гавораць — і смех і грэх. Чым больш жорсткая ў краіне дыктатура — тым больш туга яна «закручвае гайкі» і тым вышэй, і вышэй, і вышэй імкне яе прапаганда палёт сваіх птушак. Або жрыц. Ці рабыняў?

● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.

Зямлю ў ілюмінатары відаць, або Бяжы, Марына, бяжы!

Пакуль рыжане, у чаканні па-сапраўднаму вясновага цяпла, ходзяць любавацца ў Верманскі сад на квітнеючыя дрэвы — азаліі, фарзіцыі і вішні, у Беларусі... «касмічныя караблі барозняць абшары Сусвету». Мінчане ўшаноўвалі вяртанне на родную зямлю з Міжнароднай касмічнай станцыі, з караблём «Саюз МС-24» першай беларускі-касманаўткі Марыны Васілеўскай. Яна стала ўдзельніцай 21-й экспедыцыі наведвання МКС і правяла на арбіце 14 сутак.

Асабліва падкрэсліваецца, што гэта не проста касманаўт, якіх ад Беларусі ўжо лётала, можна сказаць, навалам (Пётр Клімук, Уладзімір Кавалёнак у савецкі час, а таксама лётчык-касманаўт «Раскосмасу» Алег Навіцкі родам з маёй краіны), а менавіта — жанчына! Акцэнтуе на гэтым увагу, як ён сам сябе называе, «жаночы прэзідэнт» Аляксандр Лукашэнка.

Марына — 33-гадовая бортправадніца авіякампаніі «Белавія», якая аднойчы вырашыла крута змяніць сваё жыццё. Нават занадта крута: зараз дзяўчына ўдзельнічае ва ўсіх рэжымных мерапрыемствах высокага і найвышэйшага ўзроўню і асуджаная быць рупарам беларускай дзяржаўнай ідэалогіі (гэта каб не пісаць «прапаганды»).

Хадзі ў страю, усміхайся і прывітальна машы рукой, Марына. І падміргні нам, калі ты ў закладніцах. А яшчэ лепей, бяжы, Марына, бяжы!

Зрэшты, верагодна, пасля прысваення звання Героя Беларусі — бегчы ўжо позна і няма куды. Хіба што ў космас.

Справа ў тым, што згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі «Аб статусе беларускага касманаўта» на Марыну накладаюцца наступныя абавязальніцтвы:

  1. ведаць асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы;
  2. удзельнічаць у грамадскім жыцці Рэспублікі Беларусь;
  3. годна прадстаўляць Рэспубліку Беларусь на розных міжнародных і іншых мерапрыемствах;
  4. прымаць удзел у прапагандзе дасягненняў Рэспублікі Беларусь у галіне пілатуемай касманаўтыкі, пашырэнні і ўмацаванні міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы касмічнай дзейнасці;
  5. удзельнічаць у папулярызацыі здаровага ладу жыцця, фізічнай культуры і спорту;
  6. не дапускаць дзеянняў, якія дыскрэдытуюць статус касманаўта Рэспублікі Беларусь.

Пазбавіцца ўсіх прэферэнцый беларускі касманаўт можа ў імгненне вока, калі здзейсніць... «злачынства экстрэмісцкай накіраванасці».  Так называе рэжым Лукашэнкі любыя праявы іншадумства.

Касмічны кефір за 70 млн долараў

Паддалася тэме: хочацца казаць цытатамі з савецкіх фільмаў.

«А за чый кошт банкет?»

Ці варта сумнявацца, што палёт у космас быў арганізаваны і аплачаны Беларусі так званым старэйшым братам — Расіяй. «Гэта, я вам скажу, нятаннае мерапрыемства. Абышоўся б у 70 мільёнаў даляраў гэты палёт», — заявіў Лукашэнка. Па ягоных словах, Уладзімір Пуцін «дапамог», і Расія прафінансавала падрыхтоўку і запуск у космас Васілеўскай.

Якімі ж жыццёва важнымі даследаваннямі займалася Марына, знаходзячыся ў космасе? Падчас палёту Васілеўская «правяла шэраг біятэхналагічных эксперыментаў…, якія былі накіраваныя на захоўванне ўзораў прабіятычных штамаў кісламалочных арганізмаў і біфідабактэрый». Прасцей кажучы, Марына ва ўмовах бязважкасці спрабавала не даць сапсавацца заквасцы для кефіру. Гэтая навацыя, безумоўна, каштавала 70 мільёнаў долараў.

У майго народа ёсць такі выраз: калі чалавек фантазіруе пра нешта нязбытнае, будуе нерэальныя планы, тады кажуць, што гэта «мара казы пра космас». У дадзеным выпадку мара, здаецца, здзейснілася.

* * *

Сотні тысяч беларусаў, якія з’ехалі з краіны пасля падзей 2020-га, тысячы палітвязняў, мігранцкі крызіс, створаны дыктатарам на межах з ЕС, саўдзел рэжыму ў вайне РФ супраць Украіны, эканамічная і палітычная ізаляцыя ад заходняга свету. У рэшце рэшт, размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі крамлёўскай тактычнай ядзернай зброі (пакуль ніхто яе дакладна не бачыў, але ёсць вялікая верагоднасць таго, што гэта сапраўды адбылося).

Няма сёння ў дыктатуры іншых нявырашаных праблем, акрамя як асвойваць космас.

...А майго брата назвалі Юрыем, у гонар Гагарына, таму што, па маміных словах, на фатаграфіях у першага чалавека ў космасе была прамяністая ўсмешка.

Заметили ошибку? Сообщите нам о ней!

Пожалуйста, выделите в тексте соответствующий фрагмент и нажмите Ctrl+Enter.

Пожалуйста, выделите в тексте соответствующий фрагмент и нажмите Сообщить об ошибке.

По теме

Еще видео

Еще

Самое важное