«Каму вайна, а каму — родная маці». Чаму я не веру ў рускага праваслаўнага бога

Калі я, беларуская бежанка, толькі-толькі прыехала ў Латвію і пачала знаёміцца з мясцовымі культурай, традыцыямі і святамі, мая сяброўка-латышка заўважыла: «Цікава, украінцы ходзяць у царкву, часцей у праваслаўную, і яны сапраўды вернікі. А вось беларусы неяк далёкія ад канонаў і абраднасці. І табе гэта не блізка, так?». Так.

● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.

Хоць я і была падлеткам ахрышчана ў праваслаўе, я хутчэй агностык і храмы наведваю толькі як архітэктурныя помнікі. А падзеі 2020-га ў Беларусі і 2022-га ва Украіне мяне канчаткова адвярнулі ад царквы.

«Рэпрэсаваныя самі вінаватыя»

Зараз патлумачу.

Па-першае, у беларусаў сапраўды захавалася мноства старажытных, яшчэ паганскіх традыцый (што аб’ядноўвае нас з латышамі, пра што я ўжо пісала).

Па-другое, ужо з гадоў 18-ці, шмат чытаючы, цікавячыся сацыяльным жыццём і роднай краіны, і суседніх, я зразумела, што Беларуская праваслаўная царква — гэта выключна палітычны інстытут, які абслугоўвае рэжым Лукашэнкі. У маёй свядомасці вера ў Бога і вера ва ўсемагутнага Лукашэнку, якая дэкларуецца святарамі, ніяк не вязаліся паміж сабой.    

Падчас рэвалюцыі 2020 года ў Беларусі святароў, якія выступілі на баку народа, рэпрэсавалі, і пераслед працягваецца па сённяшні дзень. І, калі праваслаўных служкаў затрымліваюць сілавікі, царква за іх не заступаецца — яна маўчыць.

На пытанне «чаму не заступаецца?» багаслоў, палітолаг і юрыстка Наталля Васілевіч адказвае так:

«У царквы ёсць тры пазіцыі: адныя стаяць цалкам на баку ўладаў і лічаць, што тыя, кого рэпрэсуюць, самі вінаватыя, бо выступаюць супраць улады і з’яўляюцца “дэструктыўнымі элементамі”, якіх трэба перавыхоўваць сілай дзяржапарату <…>.
Яшчэ адна пазіцыя — гэта пазіцыя ігнаравання, заплюшчванне вачэй на пакуты людзей, на вайну, на ўціск, на несправядлівасць, выбар жыць сваімі ўласнымі праблемамі, сваім уласным духоўным жыццём — як у прытчы пра добрага самараніна <…>
Ну і вядома, натуральны інстынкт самазахавання — страх тых людзей, у каго ёсць сумленне і хто бачыць, што адбываецца, адчувае ўсю трагічнасць сённяшняй сітуацыі ў Беларусі, але ўзровень рэпрэсій настолькі вялікі, што дзейнічаць публічна — гэта гарантавана патрапіць пад “асфальтаўкладчык”».

Здаецца, ужо гэтых аргументаў дастаткова, каб мая вера ў беларускую праваслаўную царкву як рэлігійны інстытут была разбурана. Але гэта яшчэ не ўсё.

Беларуская праваслаўная царква вельмі моцна звязана з рускай, знаходзіцца ў поўным яе падпарадкаванні.

І вось тут пачынаецца сапраўдны крынж.

«Свяшчэнная вайна» рускага свету

Пакуль жыхары Латвіі і іншых еўрапейскіх краін рыхтаваліся да мірнага адпачынку падчас вялікіх велікодных выходных, святары Рускай праваслаўнай царквы выдалі наказ, у якім абвясцілі ўсяму астатняму свету... «свяшчэнную вайну». На сваім пазачарговым Сусветным рускім народным саборы пад старшынствам Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, які 27 сакавіка праходзіў у Маскве,

яны зацвердзілі, па сутнасці, «праваслаўны джыхад».

У дакуменце гаворыцца:

«З духоўна-маральнага пункту гледжання спецыяльная ваенная аперацыя з’яўляецца Свяшчэннай вайной, у якой Расія і яе народ, абараняючы адзіную духоўную прастору Святой Русі, выконваюць місію “Утрымліваючага”, які абараняе свет ад націску глабалізму і перамогі Захаду, які ўпаў у сатанізм».

Праваслаўныя «ваяры» падкрэсліваюць, што «пасля завяршэння СВА ўся тэрыторыя сучаснай Украіны павінна ўвайсці ў зону выключнага ўплыву Расіі».

«Магчымасць існавання на дадзенай тэрыторыі русафобскага, варожага Расіі і яе народа палітычнага рэжыму, а роўна палітычнага рэжыму, які кіруецца з варожага Расіі знешняга цэнтра, павінна быць цалкам выключана»,

— падсумоўваюць яны.

Беларусам у гэтым дакуменце таксама дасталася:

аказваецца, ключавымі ўмовамі захавання «Рускага свету» ў XXI стагоддзі з’яўляецца поўнае знішчэнне незалежнасці не толькі Украіны, але і Беларусі. 

З аднаго боку, здавалася б, нічога дзіўнага ў гэтай рыторыцы няма: пуцінскі рэжым праводзіць агрэсіўную палітыку ўжо доўгія гады, і поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну 24 лютага 2022 года — яе не пачатак, але апагей.

З іншага — гэты дакумент мяне ўсё ж такі напалохаў. Таму што

становіцца абсалютна зразумела: вайна ва Украіне — сапраўды апагей, але толькі часовы. Пуцін не спыніцца.

Яго крыважэрнасць ненаедная, і дай яму адзін палец — ён усю руку адкусіць. Яму заўсёды будзе мала: і Украіны, і Беларусі... Ягоны «рускі мір» будзе бясконца прэтэндаваць на ўсё новыя і новыя землі, несці ўсё новыя смерці і разбурэнні. Вось чаму так важна дапамагчы Украіне яго спыніць.  

Беларуская матушка Аляксандра рыхтуе расійскіх салдат на вайну

У Беларусі ў праваслаўных «фундаменталістаў» таксама ёсць свае паслядоўнікі. Мінскі Свята-Елісавецінскі манастыр менш чым за паўгода аплаціў 9 аўтамабіляў вайскоўцам РФ.

Сваю ганебную славу манастыр, протаіерэй Андрэй Лемяшонак і манашка Аляксандра, рэгулярна падмацоўваюць мерапрыемствамі ў падтрымку расійскай агрэсіі. 9 мая 2023 года яны правялі «хросны ход» з расійскім сцягам з літарай Z і сцягам у колерах георгіеўскай стужкі.

* * *

Манастыр, які збірае ахвяраванні на кровапралітную няправедную вайну. Манастыр. На вайну.

Часам здаецца, што далей свет звар’яцець ужо не можа. Заўсёды — дарэмна: стужка навін зноў падкідвае новыя сведчанні вар’яцтва, якое ўсё больш і больш нарастае.

Калі Украіна адаб’ецца, а Беларусь вызваліцца ад дыктатуры, мая вера ў царкву, магчыма, вернецца.

Але пакуль я пакіну майго Бога пры сабе — глыбока ў сэрцы.

Заметили ошибку? Сообщите нам о ней!

Пожалуйста, выделите в тексте соответствующий фрагмент и нажмите Ctrl+Enter.

Пожалуйста, выделите в тексте соответствующий фрагмент и нажмите Сообщить об ошибке.

По теме

Еще видео

Еще

Самое важное