Што такое Дзень Волі, і пра што марыць беларуская ўцякачка ў Латвіі

25 сакавіка споўніцца 106 гадоў з таго дня, як была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Гэтую дату беларусы, якіх рассеяла па ўсім свеце пасля рэвалюцыі 2020 года, адзначаюць як свята. Але, шчыра кажучы, асабіста для мяне гэты дзень — зусім не падстава для радасці. Для мяне БНР — нерэалізаваная мара беларусаў аб сваёй дэмакратычнай краіне, прыгожая, але бездапаможная, нібы птушка без крылаў.

● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.

СУСТРЭЧА

Акцыі да Дня Волі пройдуць больш чым у 20 гарадах свету. Сярод іх ёсць, вядома ж, і Рыга, дзе знайшлі свой другі дом беларускія палітычныя ўцекачы. Тут запланавана сустрэча з беларускім пісьменнікам і гісторыкам Уладзімірам Арловым.

Я ведаю, што 25 сакавіка ў Латвіі — гэта дзень памяці ахвяр камуністычнага генацыду 1949 года. Беларусы разумеюць боль латвійскага народа, і, безумоўна, падзяляюць яго. Савецкія рэпрэсіі ў 1930-х пад корань выкасілі цвет беларускай нацыі. І сёння беларусы працягваюць сутыкацца з ганеннямі — на гэты раз з боку сучаснага беларускага рэжыму.

Я ўжо пісала пра беларускія мясціны ў Рызе, звязаныя з дзейнасцю ўрада БНР у выгнанні, і пра інтэрактыўную мапу «беларускай» Рыгі першай паловы XX стагоддзя, распрацаваную прадстаўнікамі дыяспары. Актывісты працягваюць шукаць архіўныя матэрыялы і збіраць па драбніцах гісторыю БНР у Рызе.

Як узнікла БНР?

25 сакавіка 1918 года ў акупаваным немцамі Мінску Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла Трэцюю Устаўную грамату, якая абвясціла БНР свабоднай і незалежнай дзяржавай. Рада БНР дэкларавала, што Брэсцкая мірная дамова, падпісаная бальшавікамі і немцамі, страціла сваю сілу, і таму заклікала да перагляду яе ўмоваў.

Немцы адказалі на Акт 25 сакавіка разгонам Рады БНР і Народнага сакратарыята, а пасля іх забаронай. Аднак органы ўлады працягвалі дзейнічаць у Беларусі, а пасля і на чужыне. Урад Беларускай Народнай Рэспублікі — рэкардсмен па працы ў выгнанні. І дагэтуль за мяжой існуе Рада БНР на чале з Івонкай Сурвіллай, якая захоўвае традыцыі сваіх папярэднікаў.

У 1918 годзе кіраўнічыя органы БНР зацвердзілі бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» ў якасці дзяржаўных сімвалаў. Упершыню

бел-чырвона-белы сцяг быў узняты над будынкам губернатарскага дома ў Мінску пасля выгнання бальшавікоў з горада 19 лютага.

Беларуская мова была аб’яўлена дзяржаўнай у красавіку 1918 года.

Радзе БНР удалося заручыцца падтрымкай у многіх рэгіёнах Беларусі і паступова пашырыць свой уплыў. У Мінск былі адпраўленыя пастановы з раённых гарадоў аб прызнанні ўлады ўрада БНР. Дакументы прыйшлі з Бабруйска, Радашковічаў, Барысава, Слуцка, Нясвіжа, Навагрудка, Койданава, Рэчыцы і іншых гарадоў. Беларускія мясцовыя рады выступілі за стварэнне адзінай непадзельнай Беларусі ў форме БНР.

Па меркаванні гісторыка Алега Латышонка, аўтара кнігі «Жаўнеры БНР», цягам 1917-1923 гадоў у беларускіх воінскіх часцях служыла каля 11 тысяч чалавек, у асноўным добраахвотнікаў. Гераічны эпізод барацьбы за БНР — Слуцкі збройны чын 1920 года, калі хутка сфарміраваная Слуцкая брыгада стральцоў БНР на працягу месяца вяла баі з Чырвонай арміяй.

Ці доўга праіснавала БНР?

Актыўная дзейнасць Рады і ўрада БНР працягвалася ў Беларусі ў 1918-1919 гадах. Кіраўнічыя органы БНР з’ехалі на эміграцыю ў 1919 годзе, яны перабраліся ў Літву, Нямеччыну і Чэхію. У 1925 годзе савецкія спецслужбы паспрабавалі арганізаваць ліквідацыйны сход Рады і ўрада БНР. Аднак старшыня Рады БНР Пятро Крачэўскі, а з ім і Васіль Захарка (Народны сакратар фінансаў БНР), засталіся вернымі ідэалам незалежнасці. Яны жылі ў Празе, дзе схавалі архівы БНР. У паваенны перыяд Рада і ўрад БНР былі адноўлены ў Заходняй Нямеччыне за кошт новай хвалі беларускай эміграцыі.

Што здарылася з заснавальнікамі БНР?

Пераважная большасць стваральнікаў БНР у 1920-я — 1930-я гады былі арыштаваныя і знішчаныя савецкімі карнымі органамі. Такі лёс напаткаў прэм’ер-міністраў Антона Луцкевіча і Вацлава Ластоўскага. Янка Серада, першы старшыня Рады БНР, нейкім цудам выжыў і выйшаў са зняволення ў Сібіры ў 1942 годзе, але што з ім адбылося далей, невядома.

Толькі некаторыя дзеячы БНР жылі свабодна і пайшлі з жыцця па-за радзімай — Язэп Варонка (першы прэм’ер-міністр БНР, міністр па справах беларускага народа Літоўскай Рэспублікі; пахаваны ў ЗША), Пятро Крачэўскі, Васіль Захарка, Тамаш Грыб (сябар Рады БНР, рэдактар беларускай газеты «Родны край») (усе пахаваны ў Празе).

* * *

Чытаючы архіўныя матэрыялы, перабіраючы імёны і даты, складаючы ў галаве пазл Беларускай Народнай Рэспублікі, я ўсвядоміла, што

насамрэч зараз мы, беларусы ў выгнанні пасля 2020 года, паўтараем сцэнар нашых папярэднікаў.

Але, магчыма, у нас яшчэ ёсць шанц паўплываць не толькі на свой асабісты лёс, але і на лёс нашай Беларусі.

Дык пра што ж я мару ў Рызе? Да гэтага часу самы прыемны мой успамін у жыцці — гэта летні світанак, які я сустракала адна сярод лесу на беразе возера Дрывяты пад Браславам.

Адчуваць паўнавартасную апору пад нагамі можна толькі на роднай зямлі. І я мару некалі вярнуцца дадому, пад беларускае неба. І каб нічога гэтага — ніякага жаху — рэпрэсій, хвароб блізкіх і смерці сяброў, разбурэння ранейшага жыцця, страшнай несправядлівай вайны ва Украіне — як быццам ніколі і не было.

Ці хаця б больш не было.

Заметили ошибку? Сообщите нам о ней!

Пожалуйста, выделите в тексте соответствующий фрагмент и нажмите Ctrl+Enter.

Пожалуйста, выделите в тексте соответствующий фрагмент и нажмите Сообщить об ошибке.

По теме

Еще видео

Еще

Самое важное