Беларускія мясціны ў Рызе. Як уцекачы згадваюць гісторыю свайго народа

У цэнтры кожнага без выключэння населенага пункта ў Беларусі — у сталіцы, абласным або раённым цэнтры ці нават у вёсцы — абавязкова ёсць вуліцы Савецкая, Леніна, Сацыялістычная, Камуністычная. Як правіла, з помнікам Леніну, а часам і Дзяржынскаму. Так, усё гэта да гэтага часу існуе ў нашай краіне. І не проста існуе — квітнее. Чаму? Адказ просты і складаны адначасова.

● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.

Я разважаю пра яго кожны раз, калі іду па рыжскіх вуліцах з прыгожымі і асэнсаванымі назвамі, за кожнай з якіх стаіць гісторыя. Чытаючы шыльдачкі на дамах, я прамаўляю надпісы ўголас, перакатваючы гукі ў роце, нібы гладкія смактулькі з новым смакам, спрабуючы запомніць пакуль яшчэ не да канца зразумелыя мне латышскія словы.

А мы ж суседнія народы, і нас стагоддзямі шмат што аб’ядноўвае. Аказалася, што вывучэнне гісторыі, агульнай для беларусаў і латвійцаў, цікавае не толькі мне. «Суполка», аб’яднанне беларусаў Латвіі, склала інтэрактыўную карту беларускіх мясцін у Рызе і запрашае азнаёміцца з ёй усіх жадаючых. Аднак пра ўсё па парадку.

«Будзь як усе, не вытыркайся»

Постсавецкая ідэалогія, якая навязваецца ў Беларусі апошнія 30 гадоў, абезаблічвае нас, пазбаўляе гістарычнай памяці, роднай мовы. Робіць нас паслухмянымі шрубкамі таталітарнай сістэмы. Ніколі б не падумала яшчэ пару гадоў таму, што гэтая банальная фраза стане штодзённай рэальнасцю, у якой жыве беларускі народ. У раннім юнацтве мне было абсалютна ўсё роўна, на якой мове размаўляць, на вуліцы з якой назвай жыць, якую прафесію абраць. Асабістых жаданняў і памкненняў, думак пра будучыню ў мяне не было. Я вучылася на «выдатна» толькі таму, што так прынята, так трэба, і каб мама не хвалявалася. Я пакорліва згаджалася з меркаваннем старэйшых — бацькоў, выхавальнікаў у дзіцячым садку, настаўнікаў, а таксама галоў, якія размаўляюць у тэлевізары. Яны лепш ведаюць, як мне жыць, яны разумнейшыя.

Пералом у свядомасці адбыўся, калі бацькі сказалі: «Навошта табе паступаць ва ўніверсітэт? Будзеш, як мы, працаваць на заводзе, мы цябе ўладкуем. І навошта табе гэтая беларуская мова? Будзь як усе, не вытыркайся». А

я зразумела, што хачу стаць пісьменніцай і ствараць менавіта на роднай мове, якая жыла ў маёй галаве, хаця мяне ёй увогуле ніхто не вучыў і я не разумела, адкуль яе ведаю.

І яшчэ да мяне дайшло: калі падсекчы дрэва, пазбавіць яго каранёў — яно рухне. І я зацікавілася ўсім, што адбываецца навокал, і пачала задаваць сабе і навакольным «нязручныя» пытанні па гісторыі маёй краіны.

Сцерці з памяці народа назвы вуліц

«Як звяры, якія блукаюць па пушчы, ад нараджэння ведаюць свае сховы; як птушкі, якія лётаюць у паветры, памятаюць свае гнёзды; як рыбы, якія плаваюць у моры і рэках, адчуваюць свае віры; і як пчолы абараняюць свае вуллі — так і людзі, да месца, дзе нарадзіліся і выхаваны ў Богу, адчуваюць вялікую любоў»,

— напісаў у 1519 годзе выдавец і асветнік Францыск Скарына, які пераклаў Біблію на старабеларускую мову і надрукаваў яе ў Празе. Ён, ураджэнец беларускага горада Полацка, чалавек з заходнееўрапейскай вышэйшай адукацыяй, чый партрэт да гэтага часу знаходзіцца ў Падуанскім універсітэце, зрабіў свядомы выбар на карысць служэння свайму народу. Гонар Беларусі, першадрукар на ўсходнееўрапейскіх землях.

З 1991 года імя Францыска Скарыны меў галоўны праспект майго роднага горада Мінска. А ў 2005 годзе яго перайменавалі ў праспект Незалежнасці. Чым жа перашкодзіў таталітарнаму рэжыму Францыск Скарына? Ён нагадваў беларусам пра пачуццё нацыянальнай годнасці, пра гістарычныя дасягненні ў слаўным мінулым сярод заходнееўрапейскіх народаў. Ідэалогія ж рэжыму абвяшчае, што няма ніякага мінулага, акрамя камуністычнага.

Апынуўшыся ў выгнанні пасля беларускіх падзеяў 2020 года, актывісты, якія жывуць у Латвіі, пачалі выбудоўваць сваю ідэнтычнасць нанова.

Сумеснымі намаганнямі беларуская дыяспара пакрысе вяртаецца да разумення сваёй гісторыі.

БНР, бел-чырвона-белы сцяг і Беларускі камітэт у Рызе

Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), абвешчаная 25 сакавіка 1918 года, і далейшы лёс дзейнасці ўрада БНР у выгнанні з’яўляецца найбольш цікавай і ў той жа час трагічнай старонкай беларускай гісторыі. Беларускія нацыянальныя сімвалы — герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг (прызнаныя сучасным рэжымам «экстрэмісцкімі») — былі прадэклараваны як дзяржаўныя менавіта ў гэты перыяд.

Энтузіясты сучаснай беларускай дыяспары (імёны мы не называем: памятайце, ва ўсіх у Беларусі сваякі), правялі карпатлівую працу ў латвійскіх архівах, кансультаваліся са спецыялістамі, мясцовымі і беларускімі, і па драбніцах пачалі аднаўляць гісторыю жыцця і працы дзеячаў БНР у Рызе. (Інтэрактыўная карта, падрыхтаваная «Суполкай» беларусаў у Латвіі — тут.)

Актывісты таксама распрацоўваюць план экскурсіі па беларускіх мясцінах у Рызе, у якім на дадзены момант 32 геаграфічныя пункты. Спіс папаўняецца кожны дзень, і ён уражвае.

Напрыклад, 26 верасня 1919 года ў Рызе пачало працу консульства БНР. У дзень адкрыцця ў Рызе ўпершыню быў узняты беларускі сцяг:

«Вчера по Малой Замковой улицѣ № 3 (сейчас Mazā Pils iela 1-5 — Ю. К.) у дома, гдѣ помѣщается бѣлорусскій рижскій представитель, быль поднять новый для Риги бѣлорусскій національный флагъ, составленный из трех параллельныхъ полось бѣло-красно-бѣлаго цвѣтовъ»,

— напісала газета «Сегодня» 27 верасня 1919 года.

Вывучыўшы карту больш уважліва, мы даведаемся, што ў Рызе ў 1920-х — 1930-х гадах дзейнічалі: Арганізацыйны Беларускі камітэт, Ваенна-дыпламатычная місія БНР, Таварыства беларускай моладзі, Бюро Таварыства Беларускага тэатра, культурна-асветніцкае таварыства «Бацькаўшчына», таварыства «Рунь», Беларускае выдавецтва ў Латвіі, 1-я і 2-я беларускія пачатковыя школы, беларуская вячэрняя гімназія, Таварыства беларускіх настаўнікаў. Выходзілі друкаваныя выданні, прысвечаныя беларусам і іх жыццю ў Латвіі.

Разглядаючы карту, складзеную маімі землякамі і сябрамі, я разумею:

перада мной адкрываецца цэлы свет — можна сказаць, — стары новы свет, у якім ты ўжо не бежанец, які атрымаў прытулак у чужой краіне,

а чалавек, у якога ёсць магчымасць дзякуючы гасціннай Латвіі адгадаваць свае карані. І Латвія становіцца больш роднай і блізкай.

Заметили ошибку? Сообщите нам о ней!

Пожалуйста, выделите в тексте соответствующий фрагмент и нажмите Ctrl+Enter.

Пожалуйста, выделите в тексте соответствующий фрагмент и нажмите Сообщить об ошибке.

По теме

Еще видео

Еще

Самое важное