Беларусы Латвіі: «Свабода — вельмі вялікая ўніверсальная каштоўнасць». Частка II

Аповеды беларускіх бежанцаў, якія прыехалі ў Латвію пасля падзеяў 2020 года ў Беларусі, глыбока кранаюць душу. Герой (імя яго змененае), які дзеліцца сваёй гісторыяй сёння, стаў сведкам таго, як сілавікі падчас пратэстаў забілі чалавека. Нягледзячы на ўсё перажытае, актывіст пачаў жыццё з чыстага аркуша і дасягнуў поспеху: асвоіў новую прэстыжную прафесію, стварыў сям’ю, працягвае вывучаць латышскую мову і ўдзельнічаць у жыцці беларускай дыяспары.

● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.

У першай частцы нашага артыкула актывісты падзяліліся сваім досведам адаптацыі да жыцця ў Латвіі, а таксама распавялі пра грамадскую арганізацыю «Суполка», створаную, каб аб’ядноўваць беларусаў, захоўваць іх нацыянальную ідэнтычнасць удалечыні ад дому.

«У маёй сямі калісьці так закапалі майго прадзеда — звычайнага селяніна»

Расціслаў прыбыў у Латвію як бежанец восенню 2020 года, пасля адсідкі ў СІЗА аднаго з беларускіх абласных цэнтраў — за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу супраць палітыкі Лукашэнкі. І пасля таго, як стаў сведкам забойства і катаванняў.

— Мне шмат у чым пашанцавала. Мяне затрымалі ў адзін з першых дзён пратэстаў, і хоць я ўбачыў на свае вочы ўвесь жах таго, што тварылі супрацоўнікі лукашэнкаўскіх сілавых ведамстваў, у тым ліку забойства пратэстоўца, гэта дапамагло мне хутка зразумець сутнасць рэжыму і пазбавіцца ілюзій, што яго можна памяняць так, як мы спадзяваліся — мірна і па законе.

А яшчэ

мне пашанцавала выжыць.

У тыя тры дні, якія я быў у палоне сілавікоў, назіраючы, з якой злосцю і лютасцю супрацоўнікі міліцыі збівалі сваіх суграмадзян, я хутка зразумеў, што я і ўсе іншыя затрыманыя людзі вельмі моцна рызыкавалі. Калі б пратэсты сталі крыху больш гвалтоўнымі з боку пратэстоўцаў, то ў людзей на вуліцах пачалі б масава страляць (не масавыя стрэлы ў пратэстоўцаў адбыліся, было забіта двое мужчын, ні ў аднаго з іх не было ніякай зброі, адзін з іх быў застрэлены сілавіком у цывільным, які меў баявую зброю). Што пры гэтым адбылося б з затрыманымі ў набітых ізалятарах, толькі перапоўненасць якіх замінала затрымліваць яшчэ больш людзей — аднаму Богу вядома.

У Латвіі не многія ведаюць, але ў 1999 годзе ў Беларусі сярод дня з цэнтральных вуліц Мінска зніклі некалькі ключавых апанентаў тады яшчэ маладога Лукашэнкі (былы міністр унутраных спраў, дэпутат, асабісты фатограф Лукашэнкі і бізнесмен, які падтрымліваў дэмакратычную апазіцыю). Нікога з іх да гэтага часу не знайшлі.

У маёй сям’і калісьці так закапалі майго прадзеда — звычайнага селяніна, у 1937 годзе. Яго арыштавалі за ліст Сталіну, у якім ён наіўна паскардзіўся правадыру на несправядлівасць — на адабранне коней у калгас. Высветлілася, што

ліст не пайшоў далей за мясцовы паштамт, а прадзеда арыштавалі і расстралялі праз некалькі дзён

пасля арышту, закапаўшы парэшткі ў лесе недалёка ад нашага горада, разам з парэшткамі соцень такіх жа наіўных людзей, — адзначае актывіст.

Расціслаў знайшоў у Латвіі каханне — латышскую дзяўчыну, стварыў сям’ю, асвоіў прафесію ў IT-сферы. Нядаўна малады чалавек стаў татам, з чым мы шчыра яго віншуем.

— Праз два гады ў мяне ўжо B1, але хочацца вывучыць больш, — кажа хлопец пра латышскую мову. — Кажуць, каб змагчы размаўляць на мове вольна і ніколі на яе не забыцца, патрэбен хаця б В2. Таму я зараз збіраюся з сіламі і пайду на чарговыя моўныя курсы ўвосень.

«Гэтыя людзі называюць сябе беларусамі больш па звычцы»

На думку Расціслава, дыяспара беларусаў у Латвіі складаецца з дзвюх частак.

— Адна — гэта сапраўдная беларуская дыяспара. Гэтая частка можа размаўляць на рускай, беларускай, латышскай ці нават англійскай (каб дапамагчы дзецям з паступленнем у замежны ўніверсітэт), але яна адчувае сябе беларусамі — асобнай самастойнай нацыяй з уласнай культурай. Яна ганарыцца гэтай культурай, нейкім чынам удзельнічае ў ёй, шукае сувязі ўнутры сябе. Пры гэтым у іх могуць быць розныя палітычныя погляды — хтосьці падтрымлівае Лукашэнку, а хтосьці не.

Іншая частка — гэта людзі, якія былі прывезеныя ў Латвію за савецкім часам працаваць на разнастайных заводах, узведзеных савецкім рэжымам. Гэтыя людзі называюць сябе беларусамі больш па звычцы, бо некалі іх продкі ці яны самі фармальна жылі ці нарадзіліся на тэрыторыі Беларусі, і трэба было нешта пісаць у графе «нацыянальнасць» савецкага пашпарта. Або таму, што ім падабаўся вобраз беларуса з савецкіх фільмаў. Але ж, калі ты нарадзіўся ў Латвіі, аўтаматычна ж ты не становішся латышом.

Вядома, фармальна,

па пашпарце ты, магчыма, латыш, але калі ты не размаўляеш на латышскай, латгальскай ці якім-небудзь іншым спосабам не адчуваеш сябе латышом па культуры — ты не з’яўляешся часткай этнасу.

Так і гэтыя людзі фармальна з’яўляюцца беларусамі, хаця са сваёй нацыянальнасцю сур’ёзна яны ніяк не звязаныя. Іх сэрца «не баліць» за Беларусь. Латвія і Эстонія ўнікальныя наяўнасцю вялікай колькасці такіх фармальных беларусаў. На мой погляд, ім больш правільна было б зваць сябе савецкімі людзьмі, ці рускімі, ці расейцамі. Бо менавіта з гэтай культурай яны сябе асацыююць, і гэта насамрэч лепш бы адлюстроўвала сутнасць рэчаў. Такіх людзей вельмі шмат і ў самой Беларусі, — лічыць актывіст.

«Мне асабіста падабаецца спрабаваць мяняць свет»

— Мне здаецца, варта памятаць, што практычна ўсё, што дапамагае нам не быць звычайнымі малпамі на дрэве — было калісьці ўкаранёна ў культуру нейкім «грамадзянскім актывістам», — кажа Расціслаў. — Тым, хто баіцца нешта рабіць, складана гэта зразумець, але без актывістаў і рэвалюцыянераў таго свету, у якім яны прывыклі жыць, не было б.

І чым больш будзе актывістаў, тым хутчэй свет стане яшчэ лепшым.

Мне асабіста падабаецца спрабаваць мяняць свет. Асабліва ў частцы развіцця дэмакратычных інстытутаў, сучаснай і эфектыўнай эканомікі. Яны — аснова многіх важных рэчаў, і іх вельмі не хапае ў нашай краіне. Нават самі дыктатары і іх дзеці жадаюць жыць у дэмакратыі, яны проста хочуць, каб усе астатнія людзі ў іх краіне жылі пры дыктатуры. Таму свабода — вельмі вялікая ўніверсальная каштоўнасць. Можа, з часам гэта зменіцца, і я стамлюся быць сацыяльна актыўным, але пакуль на гэта не падобна, — заключае Расціслаў.

  • Сёлета беларуская дыяспара Латвіі ўпершыню возьме ўдзел у штогадовым Дні Рыгі і запрашае ўсіх ахвочых на свой стэнд на Ратушнай плошчы ў суботу, 19 жніўня 2023 года, з 14:00 да 20:00. У праграме: майстар-класы па традыцыйным беларускім народным мастацтве, па роспісе шопераў, настольныя гульні на падабенства беларускіх і латышскіх слоў. Чакаецца выступленне беларускага музыканта Лявона Вольскага, а латвійскі хор Frachori выканае версію «харавога гімна» Латвіі Saule, Pērkons, Daugava на беларускай мове як сімвал падтрымкі Латвіяй Свабоднай Беларусі.
Заметили ошибку? Сообщите нам о ней!

Пожалуйста, выделите в тексте соответствующий фрагмент и нажмите Ctrl+Enter.

Пожалуйста, выделите в тексте соответствующий фрагмент и нажмите Сообщить об ошибке.

По теме

Еще видео

Еще

Самое важное