«Мы адродзім нацыю і вернем яе на радзіму». Урокі гісторыі беларусам ад народа Ізраіля

На шматпакутны яўрэйскі народ абрынулася новая вайна. Ужо некалькі дзён я шмат успамінаю Віцебск — адзін з апошніх гарадоў, у якім я пабывала ў маёй краіне перад уцёкамі назаўжды ў Латвію. Віцебская мастацкая школа дала свету Хаіма Суціна, Юдэля Пэна, Марка Шагала... У той дзень на адной з віцебскіх вулак у цэнтры я незнарок разгаварылася з мясцовым жыхаром. Па-элеганцку апрануты пажылы сіньёр з кійком успамінаў, якім быў горад у часы яго юнацтва.

● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.

У маёй кішэні ўжо быў квіток у адзін канец. Я не ведала, што мяне чакае, была разгубленая і самотная. І гэтая выпадковая размова пра мастацтва і гісторыю стала для мяне свайго кшталту супакаяльным. І адначасова — глытком свежага паветра. Віцебск для мяне назаўжды застанецца горадам свабоды, калыскай канцэптуальных мастакоў, а не фестывалю «Славянскі базар», які цяпер стаў абсалютна няздарным.       

Шматвекавое ўзаемнае сяброўства

Першыя яўрэі з’явіліся на тэрыторыі Беларусі ў XV стагоддзі. Беларусы ў пераважнай большасці сваёй займаліся сельскай гаспадаркай (мы гэтак жа, як і латвійцы, першапачаткова людзі зямлі), а

яўрэі былі эканамічным «рухавіком» малых гарадоў, па-нашаму — «мястэчак».

Займаліся навукай, гандлем, шавецкай, ювелірнай і гарбарнай справай. І, вядома, адчынялі карчму. О, карчма! Карчма — прыдарожная ўстанова, якую на рускай мове назвалі б «трактиром» — станавілася не проста месцам, дзе можна было спыніцца на ноч вандроўніку або селяніну пасля цяжкага дня выпіць чарачку-другую пад добрую размову. Карчма была своеасаблівым сацыяльна-культурным цэнтрам тых даўніх часоў.

Нядзіва, што нас многае аб’ядноўвае. І сёння мне хочацца ўзгадаць пра выбітных яўрэяў, якія нарадзіліся на тэрыторыі Беларусі, а потым зрабілі ўнёсак у адраджэнне сваёй дзяржаўнасці. Мы, беларусы, знаходзячыся ў выгнанні, можам павучыцца ў іх шмат чаму.

Чалавек, які «ажывіў» іўрыт

Свет ведае яго пад іменем Эліэ́зэр Бэн-Егуда́, а нарадзіўся ён, Ле́йзэр-Іцхок Пэ́рэльман — «бацька сучаснага іўрыту» — у 1858 годзе ў мястэчку Лужкі — цяпер гэта аграгарадок у Шаркаўшчынскім раёне Віцебскай вобласці. А скончыў рэальнае вучылішча ў горадзе Дынабург (цяпер Даўгаўпілс).

Ён пісаў: «Іўрыт зможа жыць толькі тады, калі мы адродзім нацыю і вернем яе на радзіму».

У 1881 годзе Эліэзэр эміграваў у Палестыну, якая тады знаходзілася пад уладай Асманскай імперыі, і пасяліўся ў Іерусаліме. Там ён змяніў імя на Бэн-Егуда, што азначае «сын Іудзеі». Ён знайшоў працу настаўнікам і адразу ж прыступіў да распрацоўкі таго, што, па сутнасці, павінна было стаць новай мовай, якая заменіць ідыш і іншыя рэгіянальныя дыялекты і стане сродкам паўсядзённых зносін паміж яўрэямі, якія эмігравалі з розных частак свету.

Ён звярнуўся да сваіх суайчыннікаў: «Яўрэй, гавары на іўрыце!». Разам з жонкай Дворай яны фактычна стварылі першую за сотні гадоў цалкам іўрытамоўную сям’ю ў Палестыне і выгадавалі першае сучаснае іўрытамоўнае дзіця, свайго сына Бэн-Цыёна Бэн-Егуда. Усяго ў іх было чацвёра дзяцей.

Працуючы па 18 гадзін у дзень, вучоны стварыў каля 300 новых слоў. З тых часоў слоўнікавы запас сучаснага іўрыту вырас да больш за 100 000 слоў. Ён распрацаваў вялікую колькасць тэрмінаў, якія павінны былі стаць эквівалентамі сучасных выразаў і якіх ніколі не было ў старажытнаяўрэйскай мове.

Помнік-бюст Эліэзэру Бэн-Егудзе ёсць у горадзе Глыбокае Віцебскай вобласці.

Шымон Перэс: У нас няма выбару, мы павінны толькі перамагчы

Чалавек, чыя палітычная кар’ера доўжылася больш за 70 гадоў, дзявяты прэзідэнт Дзяржавы Ізраіль, двойчы прэм’ер-міністр Ізраіля, лаўрэат Нобелеўскай прэміі 1994 года за ўнёсак у мірнае ўрэгуляванне на Блізкім Усходзе. Шымон Перэс нарадзіўся ў 1923 годзе ў мястэчку Вішнева Валожынскага раёна Мінскай вобласці. Ладную частку жыцця ён правёў сярод вайны, але да самай сваёй смерці марыў пра мір.

У 2015 годзе, ва ўзросце 92 гадоў, Шымон Перэс выступіў у Кіеве з прамовай на канферэнцыі «Ялцінская Еўрапейская Стратэгія», у якой ён падзяліўся з украінскім народам урокамі здабыцця незалежнасці. Хто б мог падумаць, што і ўкраінскі, і ізраільскі народы ў 2023 годзе будуць праліваць кроў за сваю свабоду, і словы Шымона Перэса зазеўраюць, як адкрытая рана:

«...Мы былі самотныя. У нас не было брата па рэлігіі, сястры па мове, суседа па гісторыі. Усё гэта адбывалася пасля Халакосту. Мы прыйшлі туды і не ведалі ўвогуле, што рабіць. Па-сапраўднаму не ведалі.

У нас не было ні людзей, ні ўзбраення, мы ніколі не ваявалі, у нас было ўсяго 450 тыс. людзей, не было генералаў, не было вайсковага досведу. ААН вырашыла стварыць дзяржаву Ізраіль, але фактычна ішла вайна. Што мы маглі рабіць? Дзве рэчы.

Першае — людзі павінны былі стаць мужнымі і адважнымі. Яны абавязаны былі зразумець, што ў нас няма выбару — мы павінны толькі перамагчы. Калі мы хоць адзін раз прайграем — усё.

Другое — паколькі ў нас не было зброі, мы пачалі яе вырабляць. Каб удасканальваць войска, нам прыйшлося развіваць ІТ. Ізраільскі ІТ-сектар працаваў на войска. Бо мы былі адны ў варожым атачэнні.

Навошта я вам гэта расказваю? Да гэтага часу я кажу маладым хлопцам ці дзяўчатам: сябры, у вас ёсць значна больш, чым вы думаеце. Не будзьце лянівымі. У вас ёсць значна больш, чым зямля вам можа прапанаваць. Вы можаце вырабляць рэчы, якія не дадзены вам. Гэта ўрок для ўсіх».

* * *

Сёння мы, як ніколі, разумеем: урокі гісторыі — нібы заезджаная вінілавая кружэлка. Спатыкаючыся аб чарговую перашкоду, яна зноў і зноў прайграе па коле адзін і той жа матыў.

Сёння перад маімі вачыма Латвія — краіна, якая стала для мяне новым домам і прыкладам у захаванні роднай мовы і здабыцці незалежнасці.

Сёння — гэта і шматвяковая трагічная гісторыя яўрэйскага народа. І пакуты Украіны. І цёмная будучыня дыктатуры ў Беларусі.

Яшчэ два гады таму я б, мусіць, не зразумела, што такое пазбавіцца сваёй мовы, сваёй хаты, сваёй радзімы. Цяпер, як і многія іншыя людзі, якія апынуліся ў выгнанні, я разумею. Я адчуваю, як гэта.

Ды павярнуць наўспят канчаткова звар’яцелую светабудову я не ў сілах.

Заметили ошибку? Сообщите нам о ней!

Пожалуйста, выделите в тексте соответствующий фрагмент и нажмите Ctrl+Enter.

Пожалуйста, выделите в тексте соответствующий фрагмент и нажмите Сообщить об ошибке.

По теме

Еще видео

Еще

Самое важное