Калі самотнікі не самотныя. Рыжская гадавіна Рэвалюцыі 2020 у Беларусі

У трэція ўгодкі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года беларусы Латвіі, як і іншыя беларускія дыяспары па ўсім свеце, правялі «Дзень салідарнасці». Калона прайшла ў Рызе ад латвійскай Нацыянальнай бібліятэкі да Помніка Свабоды. Дата 9 жніўня змяніла на «да» і «пасля» жыццё і самой Беларусі, і дзясяткаў тысяч яе грамадзян, якія трапілі пад жорсткія рэпрэсіі. І як бы ні стараўся дыктатар «перагарнуць старонку» Рэвалюцыі, выбудаваўшы сваю ўласную прапагандысцкую рэальнасць, — дакладна не атрымаецца.

● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.

Адкуль ува мне такая ўпэўненасць? Ніводзін з маіх землякоў, з якімі я размаўляла падчас акцыі, не шкадуе аб тым, што выйшаў на пратэсты тады, тры гады таму, на вуліцы свайго роднага беларускага горада. Пра тое, што сядзеў на «сутках» за палітыку, рызыкаваў сваім здароўем у бесчалавечных умовах беларускіх турмаў, што страціў працу, ранейшае жыццё, стаў уцекачом і вымушана пакінуў сваіх родных і блізкіх, сваю краіну. На думку маіх суграмадзян, іншага шляху, як прайсці скрозь каток рэпрэсій, застацца жывым і набыць для сябе і сваёй радзімы свабоду, няма.

«Мы выходзім, каб нагадаць пра сябе»

— Я прыйшоў сюды, таму што я поўны надзей на змены ў нашай краіне ў лепшы бок, каб мы нарэшце змаглі вярнуцца і адчуць свабоду і бяспеку, убачыць сваіх родных, — кажа Яраслаў (тут і далей імёны герояў зменены). — І хоць мне прыйшлося кардынальна памяняць сваё жыццё, я не шкадую ні пра што і лічу, што мы павінны працягваць змагацца і астойваць свае перакананні. І мы павінны не проста чакаць склаўшы рукі, калі падзе рэжым, мы абавязаныя нешта рабіць. Як зараз, напрыклад, калі мы выходзім на рыжскія вуліцы, каб нагадаць пра сябе жыхарам Латвіі, пра больш за паўтары тысячы палітвязняў, пра забітых падчас пратэстаў і ў турмах.

«У Беларусі нічога не адбываецца, акрамя рэпрэсій»

— Па-першае, я тут таму, што магу гэта зрабіць, паколькі ў Беларусі, на жаль, не змагу выйсці, каб выказаць сваё меркаванне, хаця не раблю нічога дрэннага. У Беларусі за тое самае я села б за краты на шмат гадоў, — разважае Сара. — Па-другое, каб не забываліся на наш вельмі вялікі боль, боль беларусаў. Аб ранах, якія не гояцца, паколькі рэпрэсіі працягваюцца. Беларускі парадак дня адыходзіць на другі план, гэта лагічна і правільна, мы ўсе перажываем пра Украіну, і ў той жа час нас цяпер як быццам не заўважаюць. Мы ўсе спадзяемся, што калі Украіна пераможа, абрынецца не толькі пуцінская дыктатура, але і лукашэнкаўская. Поўнае запалохванне жыхароў Беларусі, ад малога да вялікага — больш нічога не адбываецца, акрамя рэпрэсій. Я ні пра што не шкадую, толькі хвалююся аб тых, хто загінуў падчас пратэстаў — як пачуваюцца іх родныя і блізкія...

«Немагчыма было мірыцца з такімі маштабамі гвалту»

— Кожнага 9 жніўня мы збіраемся разам, паколькі гэтая дата — кропка незвароту, з якой пачаўся цяжкі шлях беларускага народа да сваёй свабоды. Канечне, былі знакавыя падзеі ў гісторыі Беларусі і раней, але я стала ўсвядомленай менавіта ў 2020 годзе. Да гэтага я не адчувала цікавасці да палітычных падзей у маёй краіне, — прызнаецца Кацярына. — І неабходна памятаць, што рэпрэсіі ў Беларусі не заканчваюцца, а толькі набіраюць абароты, і многія людзі, якіх пасадзілі ў турму ў 2020-м, сядзяць да гэтага часу. Новыя палітвязні з’яўляюцца кожны тыдзень, новыя выпадкі рэпрэсій адбываюцца кожны дзень.

Я не шкадую, што выйшла на пратэсты тры гады таму, бо немагчыма было мірыцца з тым, што адбываецца, з такімі маштабамі гвалту. Немагчыма рабіць выгляд, што нічога не адбылося і проста працягваць жыць. Канечне, ёсць людзі, якія, пры ўсёй складанасці сітуацыі, вымушаны былі застацца ў Беларусі, і яны не могуць, знаходзячыся там, выказаць сваё меркаванне. Цяпер ідзе вайна ва Украіне, рэжым Лукашэнкі фактычна аддаў нашую тэрыторыю, яе акупавалі расійскія вайскоўцы. Беларусы, якія прынялі ўдзел у рэвалюцыі 2020-га, дакладна аддзялілі сябе ад дыктатуры і таго, што яна зараз робіць. Можа, гэта яшчэ не прынесла свой плён, але абавязкова прынясе ў будучыні, — падсумоўвае дзяўчына.

Не ўсе беларусы, якія жывуць у Латвіі, падзяляюць меркаванне актывістаў. Часам, калі запрашаеш земляка на акцыю, можаш пачуць у адказ і такое: «А навошта я туды пайду? Яны толькі і робяць, што са сцягамі ходзяць. Якая ў гэтым карысць?». Не адпрэчваючы права на плюралізм думак, адзначу: калі мы разам разгортваем 10-метровы бел-чырвона-белы сцяг і, трымаючы яго, ідзем па горадзе, мы адчуваем гонар за сябе, свае гістарычныя сімвалы, і — еднасць. Мы — адна нацыя. І ніякія дыктатарскія рэжымы не ў стане нас раз’яднаць. 

Заметили ошибку? Сообщите нам о ней!

Пожалуйста, выделите в тексте соответствующий фрагмент и нажмите Ctrl+Enter.

Пожалуйста, выделите в тексте соответствующий фрагмент и нажмите Сообщить об ошибке.

По теме

Еще видео

Еще

Самое важное