● Полный оригинальный русский текст — здесь.
«Усё нармальна» — п’еса даволі вядомая. Улада напісала яе ў 21 год, гэта быў яе першы вялікі твор, і ён адразу ж выклікаў шырокі рэзананс у тэатральным асяроддзі. П’есу ставілі і ў Беларусі, і ў Расіі. У 2021 годзе сіламі прадзюсарскай кампаніі KatlZ Riga яе пераклалі на латышскую, потым была публічная чытка з удзелам латышскіх акцёраў, і вось зараз гэта паўнавартасны спектакль. Прадзюсарам і рэжысёрам выступіла Яўгенія Шэрмянева — дарэчы, таксама эмігрантка, праўда з куды больш працяглым стажам (у Латвію яна пераехала з РФ 8 гадоў таму).
Гераіні спектакля «Усё нармальна» — прадстаўніцы трох пакаленняў адной сям’і: бабуля, маці і ўнучка. Тры гэтыя ролі граюць усяго дзве акцёркі, Дацэ Вітола і Марыя Данілюк. Незвычайна яшчэ і тое, што спектакль двухмоўны: актрысы ўвесь час пераходзяць з рускай на латышскую і наадварот
Гісторыя балючых узаемаадносінаў трох жанчын, якія і любяць, і мучаць адна адну, абсалютна ўніверсальная, яна магла б адбыцца ў любой іншай краіне свету. Але ў гэтых гераінь ёсць адна асаблівасць — усе яны жылі пры/у Савецкім Саюзе, і псіхалагічныя траўмы, атрыманыя тады, адгукаюцца да сёння.
— Улада, як вы самі вызначаеце, пра што ваша п’еса?
— Пра боль, пра тое, як ён перадаецца з пакалення ў пакаленне, ператвараючыся ў гвалт. А яшчэ пра жаданне вырвацца з гэтага застойнага кола жыцця, дзе ўвесь час паўтараюцца адны і тыя ж памылкі.
— Калі ў Беларусі разгарнуўся пратэсны рух, усе казалі пра тое, якія ў гэтай краіне дзіўныя людзі — нават выходзячы на мітынгі, яны паводзяць сябе інтэлігентна.
— Ну так, здымаюць абутак, устаючы на вулічную лаўку.
— Ніякіх марадзёрстваў і бязладдзяў — спакойныя, выхаваныя людзі, з вялікай годнасцю. Гэтая якасць беларусаў неяк экстрапалюецца на іх сем’і? Ці можна сказаць, што яны больш гарманічныя?
— Мне складана параўноўваць. Пра тое, як справа ідзе ў іншых краінах, я ж магу меркаваць толькі па знешніх прыкметах. Вось нядаўна я вярнулася са Швецыі, і мяне там абсалютна ўразіла — у добрым сэнсе — стаўленне да сям’і, хоць, як і большасць, я пра яго начулася. Тое, як там шануюць мацярынства, з якой павагай ставяцца да бацькоўства — а мужчыны там вельмі ўцягнутыя ў працэс выхавання дзяцей. Мне вельмі блізка, як шведы ставяцца да дзяцей у публічнай прасторы, — наколькі ў гэтым мала асуджэння і шмат дапамогі.
— У свеце шырока гучаць імёны беларускіх жанчын — Святланы Алексіевіч, Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай. Ці можна сказаць, што ў Беларусі жаночы твар?
— У маёй Беларусі — адназначна так. І так было задоўга да пратэснага руху. Іншая справа, што нашы жанчыны часта не атрымліваюць дастатковага прызнання і самі сябе недаацэньваюць — і гэта не асабістая, а сістэмная праблема. Неяк у нас быў капуснік, прысвечаны Дню тэатра, і на сцэну запрасілі драматургаў. Выйшлі адны мужчыны. Пры тым што пішучых жанчын у Беларусі вельмі шмат і яны вельмі крутыя.
— Пра што вы зараз пішаце?
— Я спрабую не ўпасці ў апяванне свайго эмігранцкага болю. Расстанне з блізкімі, адзінота, цяжкасці адаптацыі ў новай краіне, бюракратычнае пекла — пра ўсё гэта я спрабую не пісаць, але яно ўсё роўна, блін, так ці інакш вылазіць.
Ёсць тэкст беларускай пісьменніцы Сашы Мятліцкай, у якім яна расказвае пра тое, як памірае яе сабака. Прама ў тэксце яна заўважае: на курсах па creative writing вучаць, што нельга пісаць пра актуальны боль. Для таго, каб напісаць пра боль, трэба, каб прайшоў час, патрэбная нейкая дыстанцыя. Але ж тады, піша яна, атрымаецца тэкст не пра сабаку, які памірае, а пра памерлага. Вось і я зараз прыкладна ў такім жа крызісе. Ці патрэбна мне гэтая дыстанцыя, каб напісаць пра перажыты кавалак жыцця, ці лепш рабіць гэта зараз, знаходзячыся ўнутры? Я пакуль не знайшла адказу на гэтае пытанне.
- Найбліжэйшы спектакль «Усё нармальна» адбудзецца 20 лістапада ў Мемарыяльным музеі Жаніса Ліпке.