Даведнік па Рызе загаварыў па-беларуску, ці Як я праводжу лета

Лета ў Рызе мае свой адмысловы шарм. Тыя, хто ў выходныя дні — гарачыя і сонечныя — ездзяць са сталіцы на мора цягніком, мяне зразумеюць. Мноства адпачывальнікаў: сем’ямі, з дзецьмі, сабакамі, роварамі, пляжнымі сумкамі — усе разам, гучна размаўляючы пра сваё на самых розных мовах, едуць электрычкай некалькі прыпынкаў. І потым, як па камандзе, амаль увесь вагон умомант выходзіць на адной станцыі — напрыклад, Вецакі. І, ведаеце, дарагія чытачы, кожны раз, пакуль і я еду на мора, я спрабую пачуць у шматгалосым хоры вагона родную мову.

● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.

Прайшло ўжо амаль тры гады, а мне да гэтага часу пастаянна здаецца, быццам я чую беларускую мову. А потым спахапляюся — дык не, гэта ўкраінская гутарка, а гэта латышская, а гэта — руская... І мне раптам становіцца сумна, і заходзіцца сэрца, і ў адно імгненне я апынаюся як быццам зусім адна сярод натоўпу, такое вострае пачуццё адзіноты мяне ахоплівае. Мусіць, зразумець гэта можа толькі той, хто таксама ўцякач ці эмігрант, хто гэтак жа сумуе па радзіме. І не можа вярнуцца.

Аднак на гэтым тыдні прыйшла навіна, якая беларускую дыяспару ў Рызе вельмі парадавала. Здзейснілася! Беларусы Латвіі, у тым ліку і я, чакалі гэтага паўгода! Цяпер у Рыжскім інфармацыйным турыстычным цэнтры (Ратслаўкумс, 6), у самым сэрцы Старой Рыгі, любы жадаючы, ці то турыст, ці то проста дапытлівы мясцовы жыхар, можа знайсці даведнік па галоўных славутасцях горада на беларускай. Горад, які стаў для многіх беларусаў другім домам, будзе яшчэ бліжэй.

А мая родная, на мяжы знікнення мова атрымала шанц на папулярызацыю, ёй далі ўнікальны голас сярод многіх іншых еўрапейскіх моў, на якія перакладзена выданне.

Даведаемся пра Рыгу на роднай мове, ці Праект, рэалізаваны талакой

Даведнік «Славутасці Рыгі» выйшаў дзякуючы супрацоўніцтву некалькіх ініцыятыў, да яго выхаду прыклалі руку многія людзі. У беларусаў такая агульная справа — сумесная валанцёрская праца — называецца «талака», у латышоў — talka, ва ўкраінцаў і рускіх — «толока».

— Сама ідэя ўзнікла выпадкова, падчас размовы з на той момант кіраўніцай аддзела міжнароднага супрацоўніцтва Рыжскай думы Галінай Букоўскай (Galina Bukovska), — расказвае Дзяніс Давыдаў, прадстаўнік аб’яднання беларусаў Латвіі «Суполка», які быў менеджарам праекта. — У нас, актывістаў «Суполкі», ужо была распрацаваная інтэрактыўная карта беларускіх мясцін Рыгі, і мы разважалі пра тое, якім чынам можна ўпісаць гістарычныя падзеі і жыццё беларусаў Латвіі ў культурную спадчыну Рыгі. І вырашылі, што можна запусціць пілотны праект — зрабіць пераклад ужо існага даведніка па Рызе на беларускую мову. Рыжскае агенцтва інвестыцый і турызму нас падтрымала.

Выйшла сапраўдная калектыўная праца — мясцовыя беларусы-валанцёры ажыццявілі і пераклад, і карэктуру ў досыць кароткі тэрмін. Узялі ўдзел пяць чалавек.

Дзяніс адзначае, што выйшла ўніфікаваная з іншымі мовамі версія даведніка, якая расказвае гасцям горада пра Рыгу. Адзінае, што беларусы дадалі з дазволу турыстычнага цэнтра — інфармацыю пра важную для іх падзею — пра Рыжскую дамову 1921 года, якая была падпісана ў Доме Чарнагаловых.

— З нуля, з першай ідэі, і да выхаду даведніка ў свет прайшло ўсяго 6 месяцаў, і гэта дзякуючы падтрымцы Рыжскай думы, — працягвае Дзяніс. — Мы хочам шчыра падзякаваць намесніцы старшыні Рыжскай думы Ліндзе Озоле (Linda Ozola), а таксама Лаўры Эфеі (Laura Efeja), начальніцы аддзела турыстычнай інфармацыі Упраўлення турызму. Без іх непасрэднага ўдзелу нічога б не выйшла.

Аўтограф беларускага палітыка Святланы Ціханоўскай на даведніку. ● Автограф белорусского полити...
Аўтограф беларускага палітыка Святланы Ціханоўскай на даведніку. ● Автограф белорусского политика Светланы Тихановской на путеводителе. 04.07.2024

«Турыстаў з Беларусі проста прыпісвалі да рускамоўных»

Чаму выхад даведніка менавіта на беларускай мове важны? Да гэтага моманту не вёўся ніякі ўлік турыстаў з Беларусі — іх «па змоўчанні» прылічалі да агульнай колькасці рускамоўных. Цяпер можна ўбачыць дакладную колькасць — і гасцей, і людзей, якія проста цікавяцца, уключаючы беларусаў, якія пастаянна жывуць у Латвіі. Мала таго, хаця даведнік паступіў у турыстычны цэнтр толькі напрыканцы чэрвеня, а ўжо вядома, што яго запытваюць.

Гэта натхняе, і беларусы «Суполкі» падалі заявы ў турыстычныя цэнтры Даўгаўпілса і Ліепаі, каб і там з’явіліся беларускамоўныя даведнікі.

— Вельмі хацелася б, каб гэтую ініцыятыву падхапілі і іншыя беларускія дыяспары, — працягвае Дзяніс, — і звярталіся ў турыстычныя цэнтры ў сваіх краінах. На выданне даведнікаў на замежных мовах вылучаюцца бюджэтныя сродкі, і нашая задача — пераканаць у неабходнасці перакладу на беларускую.

Таму запытвайце даведнiкi ў мясцовых турыстычных iнфацэнтрах на нашай роднай мове!

* * *

Рыжскае лета пачынае набываць для мяне новы сэнс. Думаю, літаральна заўтра я з’езджу ў Старую Рыгу, на Ратушны пляц, і папрашу даведнік на беларускай, і пагуляю па вузкіх вулках разам з турыстамі.

Цалкам магчыма, што я, нарэшце, пачую, што нехта з іх гаворыць на маёй роднай мове.

По теме