Думкі беларуса. Як цукеркі з Масквы загубілі маю самабытнасць

— На выходных еду ў Піцер, — павольна кажа Лаўра, нават не адцягваючыся ад працы. Лаўра — майстрыха барбершопа ў Рызе. Жанчыне каля сарака гадоў, яе бацькі, бабуля і нават прабабуля — з Латвіі. Лаўра шмат падарожнічала і добра ведае, як жывуць людзі ў розных краінах. З ёй мы абмяркоўваем навіны жыцця ў эміграцыі, складанасці атрымання часовага віду на жыхарства, рэпрэсіі ў Беларусі і вайну ва Украіне. І вось, калі я пачуў, што гэтая добраадукаваная жанчына так лёгка распавяла пра паездку ў Расію, недзе ўнутры, у душы, стала холадна…

● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.

У той дзень я не стаў дапытваць Лаўру, чаму яна запланавала такое падарожжа менавіта зараз. Магчыма, сістэма распазнавання «свой — чужы» апусціла камунікатыўны бар’ер, і рэшту часу я праседзеў моўчкі ў крэсле. Памятаю, што калі ішоў дадому, то патэлефанаваў сябру з былога беларускага жыцця, які цяпер цягне лямку эмігранта ў Варшаве. Мы абмеркавалі навіны і перакінуліся думкамі наконт гэтых паездак латвійцаў у Расію і Беларусь.

Жыццё-быццё

Зразумела, мы не вынайшлі прычын і не высветлілі сапраўднай матывацыі ў такіх падарожжах. З аднаго боку — ідзе вайна, мая краіна — суагрэсар, і толькі за 2024 год у «саюзнай дзяржаве» было затрымана некалькі дзясяткаў латвійцаў, а з іншага — жыццё жыхароў Латвіі цячэ павольна, як вада ў гарадскіх каналах Рыгі, што сёлета так прыгожа зацвіла і афарбавалася ў не бачаны раней зялёны колер.

І вось я іду з курсаў латышскай мовы, гляджу на гэты краявід, а ў галаве: ну чаго латвійцам шукаць менавіта зараз у Піцеры ці Мінску? Тут жа так прыгожа! Чаму латвійцы не едуць глядзець неверагодную Сігулду або маляўнічую Павілосту? І ў гэтых разважаннях вось да чаго дапяў: але ж

і я, просты беларускі хлопец, які вырас у невялікім беларускім горадзе, часцей наведваў сталіцу ўсходняга суседа, чым сваёй радзімы. Гэта такі жыццёвы парадокс,

але да навучання ва ўніверсітэце ў Мінску — у сталіцы Беларусі — я быў разы са тры — і тыя са школьнай экскурсіі, дзе абавязковым пунктам было наведванне «Макдональдса»... Шчыра кажучы, жаданне набыць хэпі-міл было значна большае, чым даведацца пра гісторыю горада.

Прыгоды беларуса ў «белакаменнай»

А вось з Масквой была іншая гісторыя: гадоў з дзесяці мы з матуляй, татам і іх сябрамі двойчы на год набывалі квіткі на цягнік да гэтага мегаполіса. Што мы ў ім рабілі? Спачатку ехалі на «Чаркізаўскі рынак», дзе набывалі адзенне. Пасля — бацька сядзеў з торбамі на Беларускім вакзале і чакаў, калі мы з матуляй вернемся з чарговай экскурсіі па Маскве.

І такіх паездак на «закупы» была вялікая колькасць. Думаю, у вас узнікне лагічнае пытанне: чаму мы, беларусы, ездзілі ў Маскву, каб купіць шорты альбо цішоткі? Там іх было значна больш і яны былі танней, чым на самым вялікім кірмашы ў Мінску. А што датычыцца дублёнак, футраў і пухавікоў — дык іх можна было купіць нават у некалькі разоў танней. Ведаю, што тады многія закупляліся там, а потым на нашым мясцовым кірмашы перапрадавалі ўтрая даражэй.

«Чаркізона» ўжо няма, але з Масквы і зараз едуць чаўнакі з торбамі, набітымі адзеннем, у якое зусім хутка апрануцца беларусы па ўсёй краіне. Сёння не трэба марнаваць час на «закупы», для гэтага існуюць цэлыя старонкі ў сацыяльных сетках. Так адны беларусы зарабляюць, а іншыя збіраюць дзяцей, напрыклад, да школы. Набыць беларускае адзенне — не кожнаму беларусу па кішэні…

Беларускае пацанства

Майго лепшага школьнага сябра звалі Алег. Гадоў дзесяць таму нашы сцежкі разышліся, але цяпер я ведаю, што ён з сям’ёй знайшоў прытулак ад рэжыму Лукашэнкі ў Турцыі. Працуе Алег у галіне праграмавання. Шчыра кажучы, ён заўсёды цікавіўся камп’ютарамі і складанымі для мяне — фізікай і хіміяй. І вось што адметна: у перапынках паміж каторымі мы не беглі ў школьную сталоўку, каб набыць піражок ці жуйку ў шапіку каля школы — мы эканомілі. Для чаго? Каб набыць квіткі на цягнік да Масквы.

Пацанамі мы трэсліся ў начным цягніку, каб там паглядзець на жаданыя камп’ютары і мабільныя тэлефоны, якія толькі-толькі з’явіліся тады на спецыялізаваным рынку.

Працавала ўсё так: кожны з нас казаў сваёй матулі, што ноч з пятніцы на суботу і з суботы на нядзелю мы праводзім адзін у аднаго. І мы на самай справе так рабілі перыядычна, таму ніякіх пытанняў не было. І трэба разумець, што гэта былі часы, калі, напрыклад, у нашай кватэры не было хатняга тэлефона. А ісці да суседкі, каб патэлефанаваць сябру сына, якому амаль 15 гадоў — гэта клопаты, прабачце, не пра хлопцаў у такім узросце…

Пасля камп’ютарнага рынка мы глядзелі на шматлікія палосы для аўтамашын. У нашым невялікім горадзе такіх не было, і шаша вельмі захапляла. Мы марылі, што аднойчы будзем несціся па ёй — кожны на асабістай «Бэ-Эм-Вэ» і абавязкова жыць недзе ў цэнтры…

Гэх, як жа проста «набыць» лаяльнасць падлетка!

Асабліва калі ён жыве недзе паблізу ад мяжы суседняй дзяржавы, дзе пузаты тэлевізар з антэнай-рагаткай ловіць «цэнтральнае» тэлебачанне…

Сёння мне сорамна, але ў дзяцінстве я ведаў амаль усіх міністраў і дэпутатаў думы, якія сядзелі ў Маскве. А тое, што ёсць свой Савет Рэспублікі і ў ім дэпутаты — мяне не цікавіла. Пацаном мог пазнаць амаль усіх вядучых расійскага тэлебачання, але не ведаў нікога з беларускіх. Выключэннем быў «Паца-Ваца».

Чаму так атрымалася? Чаму мы з Алегам не ездзілі ў Мінск на выходныя? Чаму мы не глядзелі беларускае тэлебачанне, а чакалі перадачу «Зов джунглей»? Чаму нас не захапляў родны праспект, а мары былі пра ўніверсітэт дзесьці на ўсходзе? Чаму ў сучаснай незалежнай Беларусі раслі такія хлопчыкі, чые погляды былі накіраваны на Усход? Не ведаю. Але я ўпэўнены, што мы з Алегам былі не адны такія… Гэта складаныя пытанні, адказы на якія, магчыма, чакаюць адмысловага навуковага даследавання, якога яшчэ ніхто не напісаў. Але першае, да чаго я дакапаўся ў самааналізе — усё ідзе ад сям’і.

Карані

Мой бацька — беларус. І яго бацька — таксама. А вось дзед па маці нарадзіўся недзе на поўначы Расіі. Дзед майго дзеда быў дабрабытным селянінам у дасавецкай Беларусі. Ён меў невялічкае поле, частку лесу і табун коней. У дзень ікс да яго завітаў чырвоны камісар і запатрабаваў «добраахвотна» ўвайсці ў калгас.

Я не ведаю імя гэтага продка, але ён для мяне — крэмень! Гэты просты і працавіты мужык даў адказ камісарам

і ўжо праз некалькі дзён збег ад улады ў вагоне для перавозкі жывёл… Як гэта знаёма беларусам і латышам!

…З таго моманту прайшло шмат часу, і калі ўжо мой дзед прыняў у сваёй галаве, што яго Радзіма — гэта  Беларусь — вярнуўся дадому. Са слоў дзедуся, ён усё сваё жыццё ў Беларусі шукаў хату, дзе жыў яго бацька, але так і не знайшоў. Мабыць, яна была спалена тым камісарам ці знішчана падчас вайны... Як бы я хацеў паабяцаць дзеду, што абавязкова знайду дом нашых продкаў! Але дзе я апынуся праз год? А праз пяць? Жыццё беларуса ў выгнанні такое непрадказальнае…

Пакуль быў жывы бацька майго дзеда, дзедусь заўсёды ладзіў паездкі да яго, зразумела, з перасадкай у Маскве.

І менавіта з Масквы вёз пачастункі для ўнука. Не з Мінска, а з Масквы. І вось з гэтымі цукеркамі вектар лаяльнасці да Масквы, на мой погляд, і быў сфарміраваны ў маім дзяцінстве.

А яшчэ жыццёвымі гісторыямі, якія мой дзед распавядаў у перапынках, калі мы працавалі на ўласным участку, бо большасць з іх датычылася яго дзяцінства на поўначы Расіі. І, шчыра кажучы, Новы год мы святкавалі двойчы…  

…Гісторыя самаідэнтычнасці нашай сям’і зрабіла віток у тры пакаленні. І гэтая сітуацыя, як мне здаецца, звычайная для часткі беларусаў, якія выраслі на ўсходнім памежжы. Цікава, ці пазнаў тут хто-небудзь сябе з латышоў, напрыклад, з Латгаліі?

Гляджу на прыроду Латвіі, у галаве пракручваю гэтыя развагі і разумею, што сэрцам і розумам я і сёння ў сваёй Беларусі. Заплюшчваю вочы і бачу, як павольна шпацырую ўздоўж роднай Дзвіны, цешуся прахалодай пад дубамі, якія растуць уздоўж берага. А целам… Расплюшчваю вочы і бачу, што стаю каля Даўгавы і не магу зразумець: чаму яна такая вялізарная тут? А яшчэ — мару пра вяртанне дадому!

А што датычна жыхароў Латвіі: даражэнькія, любіце сваю краіну!

Падарожнічайце па ёй, гэтага так не хапае, калі ты выкінуты са сваёй Радзімы! І, паверце, гэта не пустыя словы!

По теме