Думкі беларуса. Ці чакаць саўдзельнікам беларускай улады расплаты?

Час ад часу гэта пытанне ўзнікае ў маёй галаве. Асабліва калі чытаю навіны пра затрыманні і здзекі з беларусаў, якія засталіся ў краіне. А яшчэ калі бегаю па Рызе. Цікава, але то там, то сям у краявідах Рыгі бачу падобныя да Мінска. Дзесьці на Латгалес пазнаю шматпавярховікі мінскага Зялёнага Лугу ці частку вуліцы Ціміразева ў тым месцы, дзе яна ідзе на скрыжаванне з Арлоўскай. Гэтая мясціна нагадвае мне пра мінскі паўмарафон. А яшчэ ў гэтым месцы ў 2020 годзе тысячы беларускіх хлопцаў і дзяўчат гнулі спіны пад ударамі дручкоў. Беларусы ў форме білі іншых беларусаў…

● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.

«Лукашэнка — не мой прэзідэнт»

Пад дручкі трапіў і ідэйны заснавальнік, сімвал мінскага паўмарафону, прызёр Алімпійскіх гульняў — Вадзім Дзевятоўскі. Падчас хапуна ён быў збіты і пацярпеў катаванні ў ізалятары часовага ўтрымання Акрэсціна. Ведаеце, Дзевятоўскі — былая зорка рэжыму — ён быў адданым дэпутатам улады, але нават і яго махавік рэпрэсій не пашкадаваў. А колькі сёння такіх верных мінскай уладзе людзей? Што там наконт чужых памылак?

Адразу пасля вызвалення з Акрэсціна алімпіец напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку: «Лукашэнка — не мой прэзідэнт». Вось гэта ўдар пад дых! Але колькі ўдараў атрымаў ён у Акрэсціна? Праз які жах прайшоў мужчына? Вадзім — былы кідальнік молата, ростам у адзін метр і восемдзесят шэсць сантыметраў. Махіна, адным словам. Але і ён не вытрымаў гвалту. А што было далей? Дзевятоўскі знік з медыйнай прасторы. Нават хадзілі чуткі, што ўлады адправілі яго ў псіхіятрычную лякарню… І гэта ўсё пасля столькіх гадоў служэння рэжыму!

«Заблукалыя авечкі»

Ведаеце, беларуская прапаганда называе ўсіх, хто з’ехаў з краіны ці каго яны схапілі за ўдзел у мірных мітынгах, «заблукалымі авечкамі». Why not, як кажуць амерыканцы. Але хто тады прыхільнікі сучаснай «улады»? Ваўкі? (Гэта не абраза, а антонім, калі гэты тэкст трапіць да супрацоўніка мінскага аддзялення КДБ). Адразу ў галаву лезе дзіцячая загадка пра ваўка, авечку і капусту. Памятаеце яе? Гэтак жа, як і ў сітуацыі з сучаснай Беларуссю!

Старэйшыя жыхары Латвіі добра памятаюць усе савецкія рытуальныя забабоны — маршаванне ў шэрагу, горны, гальштукі ў дзяцей… У сучасным «савецкім» Мінску гэта ўсё называецца Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, скарочана — БРСМ. Напрошваецца адмысловы жарт катэгорыі 18+. Шчыра кажучы, вялізарнай падтрымкі сярод моладзі гэты саюз не мае. Школьнікаў і студэнтаў заганяюць і ў яго, абяцаючы добрыя адзнакі ў чвэрці. А тым, хто вырашыў быть за межамі саюза — выкладчыкі паніжаюць балы. Вось гэта патрыятызм!

Адна мая былая сяброўка, якая працавала ў дзяржаўнай прэсе, пасля 2020-га пачала рабіць кар’еру ў гэтай арганізацыі з чатырох літар.

Ужо сталая жанчына, якая амаль два гады ў сваім дзяцінстве была акцябронкам, зноў пачала хадзіць з гальштукам.

Нібы падмянілі знаёмую! Нехта палічыць, што гэтая жанчына стала чыноўніцай дзеля грошай ці кватэры ад улады. Але на кватэру ў Брэсце яна зарабіла сама, падрабляючы начамі ў яшчэ двух выданнях. Шчыра кажучы, ведаю я і тых, хто выставіў на продаж сумленне за дзве кватэры ў сталіцы Беларусі. Бог ім суддзя! Але ці мы з вамі?

«Краіна — балота»

Але ці лёгка тым, хто зараз жыве ў Беларусі з заплюшчанымі вачыма паміж БРСМ, сілавікамі і вось такімі чыноўнікамі? Складанае пытанне. Ёсць меркаванне, што з грашыма існуе шанц пабудаваць вакол сябе і сваёй сям’і вялізарны плот і жыць за ім. Але як жыць, калі ўсё пад забаронай? Ведаеце, нават прыватная дзіцячая адукацыя патрапіла пад ліквідацыю. Бо рэжым не ведае, што там прыватныя настаўнікі выкладаюць на ўроках і аб чым мараць дзеці…

Дзеці павінны маршаваць у шэрагу, дзьмуць у горны і абавязкова хадзіць у гальштуках. Тым, хто супраць, гальштук на шыі зацягнуць тужэй, а бацькоў — «на адпачынак» у Акрэсціна.

Ці заўсёды было так? У некаторых галінах — так, у іншых было больш паветра. Проста зараз гайкі закручаны на максімум, але аднойчы іх сарве... Чаго чакаць?

Ёсць у мяне сябар, значна старэйшы за мяне. Так адбылося, што ён — адкрыты гей, і калі яго суседзі па кватэры дазналіся пра гэта, аблілі дзверы кватэры фарбай. Пасля — збілі ў пад’ездзе дома. Гэта адбывалася ў 2007 ці 2008 годзе. Крымінальная справа не была заведзена. Сябар праз некалькі месяцаў быў вымушаны з’ехаць з Беларусі, бо ўвесь час пасля нападу атрымліваў лісты з пагрозамі.

Праз тры гады, у снежні 2010 года, улада зноў сфальсіфікавала вынікі выбараў і разагнала прысутных на плошчы Незалежнасці ў Мінску. Папярэдне абліўшы людзей вадой. Дэмакратычна? А як жа, асабліва з погляду 2020-га!

Дык вось, пасля гэтага разгона

кожная мая размова з сябрам-уцекачом была пра тое, што наша краіна — балота, і трэба скакаць на іншую кочку, каб не быць зацягнутым у гэтую багну. Зараз сябар — грамадзянін ЗША.

Скокнуў дык скокнуў! Лічыце, што пашанцавала? А лічу не, бо ён не вернецца дамоў ужо ніколі. У сэрцы сябра — краіна з балотамі, а ў навінах — краіна-балота.

Ведаеце, да 2020 года ад яго доказаў, што краіна захварэла, я адмахваўся, як ад дакучлівых мух. Мы нават значны час не камунікавалі, бо гэтыя размовы забіралі шмат сіл. Лічу, што ў той час быў пад уплывам беларускай прыказкі: «Лепш сініца ў руках, чым журавель у небе».

І гэтым падыходам да жыцця і сёння карыстаецца «ўлада», прасоўваючы наратыў «чаркі і шкваркі». Па меркаванні чыноўнікаў, для беларусаў галоўнае, каб было што выпіць увечары і чым закусіць...

Так сабе беларуская ідэалогія. Але для людзей, загнаных у багну, гэта шанц на фізічнае выжыванне. А што з душой? Яна крычыць!

«Лінія партыі»

Час ад часу чытаю каментары пра люстрацыі і суды над тымі, хто зараз гне «лінію партыі». Ведаеце, пасля вызвалення Беларусі (у гэтым артыкуле не пра сцэнарыі ажыццяўлення гэтай мары), абодвум бакам патрэбна будзе жыць у адной краіне.

Так, Нацыянал-сацыялістычная нямецкая рабочая партыя, больш вядомая як нацысцкая партыя, мела прыкладна 8,5 мільёнаў членаў да моманту свайго краху ў 1945 годзе. Але на галоўным Нюрнбергскім працэсе судзілі ўсяго 24 высокапастаўленых нацысцкіх лідара, ды 185 іншых афіцэраў і чыноўнікаў. Ці падлічыце колькасць у працэнтах?

А што было з астатнімі? Мільёны немцаў прайшлі праз праграму дэнацыфікацыі. Некаторыя людзі былі асуджаны на прымусовую працу ці штрафы, але вялікая частка членаў партыі, асабліва шараговых, не атрымала сур’ёзных пакаранняў. «Сэ-ля-ві» — кажуць французы, а я кажу: гэта лёс.

Менавіта такі сцэнар, на мой погляд, адбудзецца і ў дэмакратычнай Беларусі.

Мы не здолеем узяць і змяніць усіх чыноўнікаў, бо кім мы іх заменім? У беларусаў у выгнанні няма такой колькасці людзей, якія ведаюць, як кіраваць горадам ці раёнам.

У нас няма такой колькасці падрыхтаваных беларусаў, каб у адзін дзень змяніць на ўсіх пасадах вайскоўцаў ці настаўнікаў у школах, якія займаліся фальсіфікацыяй выбараў. А яшчэ мы сутыкнемся з тым, што кожны будзе выгароджваць сваякоў… І гэта тая самая дзіцячая задачка з зорачкай пра ваўка, авечку і капусту. Вырашаць нам яе ўсім разам.

Зразумела, што дробная частка тых, хто зараз так ярасна махае чырвона-зялёнымі сцягамі і ўдзельнічае ў аўтапрабегах, расплюшчыць вочы, калі ў газетах і па тэлебачанні пачнуць паказваць сапраўдныя кадры жыцця ў краіне. Бо незалежнай прэсы ў краіне больш не засталося…

Магчыма, нам патрэбна больш дасканала вывучаць вопыт жыхароў Латвіі, бо яе жыццёвы шлях больш падобны да беларускага. Зразумела адно: пасля вяртання ўсім нам, беларусам, прыйдзецца працаваць так, як ніколі раней. І працаваць побач з тымі, хто зараз пад уплывам рэжыму стаў тым самым «вожыкам у тумане». І нават ваўком.

А што наконт бегу?

Мару аднойчы зноў стаць удзельнікам дамашняга марафону. Але колькі часу яшчэ трэба чакаць?

По теме